«Замест візіту Лукашэнкі пачаліся затрыманні»
На Мёрскім металапракатным заводзе затрымалі гендырэктара, бухгалтара і яшчэ некалькі супрацоўнікаў. Пра гэта TUT.by паведамілі работнікі прадпрыемства.
Яны сцвярджаюць, што напярэдадні чакаўся прыезд Аляксандра Лукашэнкі і да яго рыхтаваліся. Але раптоўна сітуацыя змянілася і падрыхтоўчыя працы спыніліся.
— Прыляцець Лукашэнка павінен быў сёння. Поўным ходам ішла падрыхтоўка з усімі спадарожнымі мерапрыемствамі — як арганізацыйнымі, так і ў плане бяспекі. У горадзе таксама наводзілі марафет, — расказаў працаўнік. — Але ўчора ўсе падрыхтоўчыя працы рэзка спыніліся. Сёння раніцай пайшлі размовы, што ўчора спецслужбы затрымалі найвышэйшае кіраўніцтва заводу ў Мёрах і ў менскім офісе. Але поўнай і дакладнай інфармацыяй я не валодаю.
На заводзе пашырылася інфармацыя, што сілавікі зацікавіліся нейкім абсталяваннем, якога не знайшлі. Афіцыйнай інфармацыі пра затрыманні пакуль няма.
Фота: неафіцыйны паблік „Мёрскі металапракатны завод / Miory Steel” ВК