Замест вуліцы Івана Шэгі з’явіліся вуліцы Любімая, Радужная, Цяністая
Жыхар Слоніма Павел Севасцьян звяртаўся ў Слонімскі райвыканкам з прапановай адну з новых вуліц Слоніма назваць вуліцай імя мясцовага доктара і грамадскага актывіста Івана Шэгі, якога не стала ў 2016 годзе.
І вось у панядзелак, 12 красавіка, за подпісам намесніцы Слонімскага райвыканкама Тэрэсы Юшкевіч прыйшоў адказ. У ім спадарыня Юшкевіч піша:
“Слонімскі раённы выканаўчы камітэт (далей – райвыканкам) па наданні імён вуліцам горада Слоніма паведамляе наступнае. У адпаведнасці з артыкулам 15 Закона Рэспублікі Беларусь “О наименовании географических объектов” была праведзена работа па вывучэнні грамадскай думкі з улікам і Вашай прапановы. Тапанімічнай камісіяй пры райвыканкаме на падставе вынікаў праведзенай работы падрыхтаваны праект рашэння па наданні імён вуліцам горада Слоніма. Рашэннем Слонімскага раённага Савета дэпутатаў ад 19 лютага 2021г. № 190 вуліцам квартала сядзібнай жылой забудовы ў раёне вуліцы Баранавіцкай горада Слоніма прысвоены наступныя назвы: вуліца Любімая, вуліца Радужная, вуліца Цяністая, завулак Любімы”.
З гэтага вынікае, што замест знакамітых слонімцаў мясцовыя вертыкальшчыкі ўшаноўваюць нейкіх “любімых, цяністых і радужных”.
Альжбета Руніцкая, Беларускае Радыё Рацыя