Замежнікаў вызваляць ад дзяржпошліны за пропуск у памежную зону
Аляксандр Лукашэнка 19 верасня падпісаў указ № 351 „Аб знаходжанні на прыгранічнай тэрыторыі”.
Як паведаміла прэс-служба кіраўніка дзяржавы, дакумент распрацаваны для стварэння дадатковых умоў для знаходжання фізічных асоб на прыгранічнай тэрыторыі.
Згодна з указам, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць за межамі Беларусі, вызваляюцца ад выплаты дзяржаўнай пошліны за выдачу пропускаў на права ўезду (уваходу), часовага знаходжання, перамяшчэння ў пагранічнай зоне. „Гэтая мера дасць магчымасць значна спрасціць парадак знаходжання замежнікаў у памежнай зоне, стварыць дадатковыя ўмовы для ўключэння размешчаных у ёй зямель і аб’ектаў у гаспадарчы абарот, падвысіць прывабнасць турыстычных аб’ектаў”, — адзначаецца ў паведамленні прэс-службы.
Дакументам таксама ўдакладняецца кампетэнцыя Дзяржпагранкамітэта па ажыццяўленні пропуску праз дзяржаўную мяжу Беларусі фізічных асоб у сувязі з перадачай асобных функцый органаў памежнай службы мытным органам.
„Рэалізацыя вызначаных указам нормаў не паўплывае на паўсядзённую жыццядзейнасць законапаслухмяных грамадзян, але ў той жа час будзе спрыяць павышэнню эфектыўнасці выканання пастаўленых перад органамі пагранічнай службы задач па забеспячэнні бяспекі дзяржавы”, — падкрэсліваецца ў паведамленні.
Фота sputnik.by