Замежнікі без прышчэпак не трапяць у Польшчу? (абноўлена)



У Мазавецкім ваяводстве пацверджана 18 выпадкаў захворванняў і падазрэнняў на захворванне адзёрам, паведамляе Польскае радыё.

З 1 студзеня да 31 кастрычніка ў Польшчы выяўленыя 144 выпадкі адзёру. У мінулым годзе ў аналагічным пэрыядзе часу такіх выпадкаў было значна менш – 59. У сваю чаргу ў 2017 годзе – 63 выпадкі.

* * * 

Міністэрства аховы здароўя Польшчы працуе над праектам, які будзе забараняць уезд у Польшчу непрышчэпленых грамадзян трэціх дзяржаў.

З 31 кастрычніка ў Польшчы былі зарэгістраваныя 17 выпадкаў адзёру, у тым ліку сярод дзяцей. Адзін з хворых – грамадзянін Украіны, дзе з пачатку 2018 года на адзёр захварэлі дзясяткі тысяч чалавек, – заявіў на прэс-канферэнцыі 4 лістапада міністр аховы здароўя Польшчы Лукаш Шумоўскі, перадае Польскае радыё.

«Польскія грамадзяне ў бяспецы. Вакцынацыя больш за 95% абараняе нас ад эпідэміі », – запэўніў Шумоўскі.

Таксама галоўны санітарны інспектар Яраслаў Пінкас сказаў, што ў Польшчы «ёсць адзёр, занесены з-за мяжы, а свайго адзёру ў нас няма ўжо некалькі гадоў».

Ён выказаў надзею, што Польшчы ўдасца захаваць статус краіны, «вольнай ад адзёру».

Пінкас падкрэсліў, што трэба патрабаваць прышчэпку ад замежнікаў, якія знаходзяцца ў Польшчы працяглы перыяд.

Паводле яго слоў, цяперашняя эпідэміялагічная сітуацыя «патрабуе актыўнай працы, каб асабліва замежнікі, якія працуюць у Польшчы больш працяглы перыяд, былі прышчэплены».