Замежных журналістаў пазбаўляюць акрэдытацыі
Замежных журналістаў у Беларусі масава пазбаўляюць акрэдытацыі. Рашэннем міжведамаснай камісіі па супрацьдзеянні экстрэмізму іх акрэдытацыі ў Міністэрстве замежных спраў анулююцца.
На дадзены момант вядома, што пазбаўленыя акрэдытацыі журналісткі BBC Таццяна Мельнічук і Таццяна Януцэвіч. Журналісты беларускай службы Радыё Свабода: Алесь Дашчынскі, Алег Груздзіловіч, Уладзь Грыдзін і Аляксандра Дынько. Карэспандэнт тэлеканала Current Time — Раман Васюковіч. Карэспандэнт Reuters — Васіль Фядосенка.
Карэспандэнт AFP — Сяргей Гапон. Карэспандэнт французскага радыё RFi Генадзь Шарыпкін таксама пазбаўлены акрэдытацыі, і пакуль не змог даць каментар, бо чакае рашэнне цэнтральнага офіса наконт далейшай працы ў Беларусі:
– Не магу, чакаю рашэння. У нас там такая ж дысцыпліна, як і на „Радыё Свабода”. Пакуль няма ўзгаднення з галоўным офісам, пакуль не прынятае рашэнне, не магу каментаваць.
Па словах намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыса Гарэцкага, пазбаўленне акрэдытацыі журналістаў СМІ ідзе цалкам у ключы той інфармацыйнай палітыкі, якую рэалізоўвае дзяржава ў апошнія дні:
– Заблакаваныя сайты найбольш папулярных грамадска-палітычных выданняў. Журналістаў затрымліваюць кожны дзень, друкаваная прэса не можа выходзіць, ім не даюць надрукавацца. А тым, хто надрукаваліся, не даюць распаўсюдзіць выданні. Улада робіць усё магчымае для таго, каб ізаляваць беларускае і замежнае грамадства ад інфармацыі. Ад карцінкі, але ў першую чаргу для таго, каб журналісты прысутнічалі на масавых акцыях і маглі назіраць за тым бясчынствам і хапунамі, якія адбываюцца фактычна кожны дзень у Менску ды рэгіёнах.
Таксама раней паведамлялася, што трох журналістаў нямецкай асацыяцыі ARD Іллю Кузняцова, Сяргея Сяргева і Міхаіла Фаміна пазбавілі акрэдытацыі і двух з іх, грамадзян Расеі, высылаюць з краіны. Рашэнне міжведамаснай камісіі па супрацьдзеянні экстрэмізму пакуль не апублікавана.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота tut.by