Замежжа для беларусаў становіцца ўсё больш прывабным



У ходзе візіту ў Польшчу парламенцкай дэлегацыі Рэспублікі Беларусь на чале з Міхаілам Мясніковічам, паміж Беларуссю і Польшчай быў падпісаны дагавор аб сацыяльным забеспячэнні, які, на думку экспертаў, вельмі выгадны для нашых грамадзян.

Напрыклад, плаціць страхавыя ўнёскі ў той краіне, дзе працуюць, незалежна ад месца пражывання. Пенсію за стаж працы адпаведныя ўстановы будуць прызначаць паводле сваіх законаў, а выплачваць яе ў дзяржаве пражывання пенсіянера.

У каментары для сайта «Заўтра тваёй краіны» дырэктар даследаванняў варшаўскага аналітычнага цэнтра EAST Андрэй Елісееў выказаў здагадку, што цяпер паездкі на працу ў Польшчу стануць больш выгадныя у далёкай перспектыве, бо «пенсію і іншыя сацыяльныя выплаты згодна з дамовай пасля будзе налічваць і Польшча, а калі чалавек пераедзе ў Польшчу на сталае месца жыхарства, то зможа разлічваць на назапашаныя часткі пенсіі і ад Беларусі». Ён адзначыў, гэта будзе стымуляваць легальнае працаўладкаванне ў Польшчы, «бо дазволіць патэнцыйным мігрантам быць упэўненымі, што іх працоўны стаж у кожнай з краін выльецца ў налічэнне пенсіі».

Для тых жа, каму неахвота ехаць у Польшчу, як варыянт застаюцца краіны экс-СССР. І варыянт гэты таксама становіцца ўсё больш выгадным. Як паведаміў на мінулым тыдні партал Delfi.lt, 97% літоўскіх кампаній плануюць падвысіць заробкі супрацоўнікам і больш актыўна запрашаць людзей з-за мяжы ў сувязі з нястачай работнікаў. Падвышаць заробкі збіраюцца таксама ў Латвіі і Эстоніі.

У Беларусі таксама не заўсёды проста знайсці работнікаў – асабліва там, дзе ім плацяць капейкі, але ў нас гэтую праблему чамусьці разглядаюць не падвышэннем заробкаў, а выдаваннем недарэчных дэкрэтаў.

«БелГазета»