«Замоўнікаў яго смерці трэба шукаць у Расеі»
У Кіеве развітваюцца з Паўлам Шараметым, якога забілі 20 ліпеня ў цэнтры ўкраінскай сталіцы. Сярод шматлікіх пытанняў, якое выклікае гэта злачынства, ці не галоўнае : «Каму гэта выгодна?»
Наш украінскі карэспандэнт Марцін Война сустрэўся з людзьмі, якія ведалі Шарамета асабіста, працавалі з ім ва «Украінскай праўдзе», дый проста чыталі яго артыкулы.
Вось іх меркаванні.
Валянціна Раманенка, калега Паўла Шарамета па «Украінскай праўдзе»:
— Выпадковае забойства ўвогуле выключаецца. Нашто класці выбухоўку пад невядомую машыну? Але пра мэту злачынства сказаць нічога не магу — прынамсі, цяпер. Не ведаю, як вызначацца эксперты, але калі гэта была дыстанцыйнай выбохоўка, то выканаўца, вядома ж, бачыў, хто ў машыне за стырном.
РР: Сярод каментараў, якія гучаць з пракрамлёўскіх тэлеканалаў, кідаюцца ў вочы два: па-першае, забілі грамадзяніна Расеі, і ў сувязі з гэтым у Крамлі вельмі абураныя, але, па-другое, той забіты грамадзянін Расеі быў русафобам… Чым выклікана такая супярэчнасць?
Валянціна Раманенка: Крывадушнасцю і брахлівасцю расейскай палітыкі, як знешняй, так і ўнутранай. Прабачце, але Расею ўвогуле цяжка каментаваць: і яе дзеі, і яе ўчынкі…
Андрэй Гарасым, журналіст і пісьменнік: Гэтае забойства мае акрэсленую мэту. Гэта не быў замах на Паўла Шэрэмета праз яго прафесійную дзейнасць. Мэта тут відавочная: знішчэнне міжнароднага іміджу Украіны, а не дэстабілізацыя, як у нас гавораць. Навіна пра забойства Паўла прайшла па ўсіх сусветных тэлеканалах. А ў Расеі адразу агучылі – маўляў, Украіна – могілкі журналістаў!
РР: Але ж у Расеі журналістаў забіваюць куды больш, чым у Расеі. Але расейская тэлевізія не наракае чамусь, што «Расейская Федэрацыя – журналісцкія могілкі!»
Андрэй Гарасым: Менавіта так! Спосаб забойства сведчыць, што тут відавочна працавалі спецслужбы. Дыстанцыйнае прыстасаванне, выбух на перакрыжаванні вуліц Шаўчэнкі і Франка… Гэта не проста забойства, гэта тэрарыстычны акт у цэнтры ўкраінскай сталіцы, прытым расейскі след, як па мне, тут адназначны.
РР: Там вельмі багата відэакамер, якія манітораць кожны сантыметр таго перакрыжавання. Амбасада Швэцыі, Ашчадны банк, розныя рэжымныя аб’екты…
Андрэй Гарасым: Упэўнены, што забойцы папярэдне вывучылі, як тыя відэакамеры працуюць. Нашто? А каб забойства зафіксавалаі як мага больш камер. Каб потым гэтыя кадры пракруцілі па тэлевізіі.
РР: Тое, што адбываецца вакол забойства Паўла Шарамета, ператвараецца ў нейкае дурное рэаліці-шоў. «Лайкі» ў Фейсбуку, абсмоктванне натуралістычных дэталяў, розныя рэйтынгі кшталту «ўлюбёнага відэа»… Загінуў чалавек, але з яго смерці робіцца шоу дурнога густу, кшталту «Дома-2».
Андрэй Гарасым: Мяркую, што людзі, якія планавалі забойства Шарамета, менавіта на гэта і разлічвалі…
Арцём Паляжака, паэт: Паўла Шарамета куды больш ведалі ў Расеі, чым ва Украіне. Дый сам ён меў расейскі пашпарт… Я не прыхільнік розных канспіралагічных тэорый, але ж давайце зададзімся простым пытаннем: «а каму выгодная гэта смерць?» Не хачу нешта сцвярджаць канкрэтна, але схіляюся да думкі, што «расейскі след» тут навідавоку…
Васіль Чэпурны, грамадскі актывіст: Гэта не крымінальныя разборкі, вядома ж. Як з Крамля дацягнуліся да Літвіненкі ў Лондан, як дацягнуліся да Нямцова каля Крамля, так яны дацягнуліся і да Шарамета ў Кіеве. Зрэшты, Шарамет і сам гаварыў: маўляў, не думайце, што ва Украіне людзі могуць пачувацца бяспечна. Вядома, гэта адна з версій. Давайце пачакаем, што скажуць праваахоўныя органы. Але ж зноў, калі задацца пытаннем: «каму выгодна?» Украінскай уладзе забойства Шарамета было непатрэбнае. Лукашэнку – таксама, бо Шарамет не жыў у Беларусі і пагрозай для тамтэйшага палітычнага рэжыму не быў. Мяркую ўсё ж, што сляды трэба шукаць у Расеі.
Тым часам да пошукаў забойцы іх замоўнікаў ужо падключылася амерыканскае ФБР. Расследаванне знаходзіцца на асабістым кантролі Пятра Парашэнкі.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя