Запаліць знічы – у дзень Слуцкага збройнага чыну
27 лістапада 1920 году распачаўся Слуцкі збройны чын. Нашы продкі выступілі на змаганне за сваю дзяржаву — Беларускую Народную Рэспубліку. Сёння «Беларуская нацыянальная памяць» і «Беларускае гістарычнае таварыства» заклікаюць ушанаваць 94-годдзе Слуцкага паўстання, запаліўшы знічы ў гонар паўстанцаў.
Гаворыць старшыня БНП Анатоль Міхнавец:
– Беларуская Нацыянальная Памяць традыцыйна звяртаецца да беларусаў, каб у гэты дзень мы зрабілі нешта для ўшанавання памяці герояў. Самае простае што мы можам зрабіць – запаліць у іх памяць знічы ў сябе дома. Ужо які год запар мы звяртаемся разам з гісторыкамі Алегам Латышонкам і Алесем Краўцэвічам, каб гэтыя знічы былі запаленія. Спадзяюся, што гэта адбудзецца сёння, як адбываецца кожны год. Звяртаюся да слухачоў Радыё Рацыя далучыцца да гэтай ініцыятывы, распавесці сваім знаёмым пра гераічнасць паўстанцаў-случакоў, якія пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына.
«Няхай агеньчык зніча сігналіць змагарам, што ў гэтай хаце памятаюць іх чын», — кажа кіраўнік «Беларускай нацыянальнай памяці».
Акрамя Анатоля Міхнаўца пад заклікам падпісаліся прадстаўнікі Беларускага гістарычнага таварыства Алесь Краўцэвіч і Алег Латышонак.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя