Запаведніку «Мох» на Бярозаўшчыне пагражае «акультурванне»
Беларускія балоты працягваюць вынішчацца. У Бярозаўскім раёне паміж вёскамі Жычын і Бармуты невялікі кавалачак некранутай прыроды, дзе жывуць рэдкія віды птушак, рыб і белыя чаплі, асушваецца.
Працы вядуцца пад выглядам дрэнажу бліжэйшых палёў. У гэтым месцы ў 50-я гады капалі вяскоўцы торф.
Мясцовая жыхарка Аляксандра лічыць асушэнне чарговым экалагічным злачынствам уладаў:
— У нас гэта адзіны вадаём, які пачаў крыху пашырацца ў апошнія дзесяцігоддзі. Ён аброс і там нават з’явіліся рэдкія віды птушак: тут белая чапля жыве, а яна ж занесена ў Чырвоную кнігу.
Начальнік Бярозаўскага сельгасупраўлення Аляксей Жоўцікаў лічыць, што гэтую зямлю трэба акультурыць:
— Гэтае месца не з′яўляецца ані балотам і ні чымсьці іншым. Там трэба наводзіць парадак, каб раслі зерневыя.
Да выратавання запаведніка «Мох», як яго называюць у народзе, далучылася Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь. Памочнік міністра Міхаіл Сіманюкоў узяў гэты працэс пад свой кантроль. Пакуль работы па асушэнні працягваюцца.
Цалкам рэпартаж слухайце ў далучаным гукавым файле.
Беларускае Радыё Рацыя