“Запаведны востраў” – лепшая аграсядзіба ў Беларусі



Лепшай аграсядзібай ў Беларусі стала аграсядзіба “Запаведны востраў”, якая месціцца на Глыбоччыне. Яна заняла першае месца ў двух намінацыях  “Прызнанне” , “Экасядзіба” і атрымала Гран-пры конкурсу.

Штогод конкурс праводзіцца пры падтрымцы “Белаграпрамбанка”. Было сем намінацый, і ў трох перамаглі аграсядзібы Глыбоцкага раёна. Усяго ў Беларусі  зарэгістравана каля 2300 аграсядзібаў, у Глыбоцкім раёне іх каля трыццаці.

Як кажа ўладальнік аграсядзібы “Запаведны востраў” Алесь Цвірка, іх гаспадарка адметная тым, што яна знаходзіцца ў далечыні ад цывілізацыі, можна сказаць на востраве. Там усё зроблена сваімі рукамі.

– Чаму перамаглі? Таму што, па-першае, вельмі прыгожае месца. Гэта сапраўдны астравок. Ніякіх суседзяў. Драўляныя будынкі. Усё прыгожанька. Для людзей усё зроблена з душой. Азёры чыстыя. Такія нашы адносіны да гасцей добразычлівыя. Усюды ў Беларусі так павінна быць.

Аграсядзіба “Запаведны востраў” не аднойчы перамагала ў конкурсах. Яна  стала пераможцам   і ў 2016 годзе, у намінацыі “Банкаўскія інавацыі ў аграэкатурызме”. На канферэнцыі “Адпачынак  у вёсцы” ў Менску пераможцы атрымалі падарункі і грашовыя прызы.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота gastinia.by