Запрацавалі прышкольныя дзіцячыя летнікі



На Берасцейшчыне з-за каронавіруснай інфекцыі ў аздараўленчых летніках адпачне ўтрая менш дзяцей, чым планавалася. Разлік быў на 63 тысячы, але чакаецца, што агульная колькасць падлеткаў у летніках вобласці складзе 24 тысячы, – паведамляе абласное Упраўленне адукацыі.

Ужо запрацавалі прышкольныя дзіцячыя летнікі. Па словах настаўніцы з Пінску Таццяны Кубрак, нягледзячы на пандэмію і абмежаванні, робіцца ўсё, каб адпачынак быў разнастайным:

– Мая задача ў летніку, як і любога іншага выхавальніка, – зрабіць жыццё дзяцей цікавым, дапамагчы кожнаму дзіцяці раскрыцца, праявіць сваю творчасць, таму што дзеці прыходзяць абсалютна розныя, з рознымі інтарэсамі, з рознымі схільнасцямі. І для таго, каб дзецям было цікава ў летніку, арганізаваная праца гурткоў, то бок летнік пачынаецца з зарадкі, а пасля яе ідзе праца гурткоў. Гурткі ў розных кірунках, каб улічыць інтарэсы дзяцей.

Загарадныя дзіцячыя аздараўляльныя лагеры запрацуюць на Берасцейшчыне пасля 15-га чэрвеня. Чакаецца, што ўстановы з кругласутачным знаходжаннем прымуць звыш 9 тысяч падлеткаў.

Беларускае Радыё Рацыя