Зарплату 500 долараў трэба зарабіць
Зарплату 500 долараў трэба зарабіць, заявіў прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў у інтэрв’ю праграме „Контуры” тэлеканала ОНТ, паказаным вечарам 30 ліпеня.
Пры гэтым ён адзначыў, што зарплата 500 долараў — гэта „не толькі задача ўрада, хоць і найпершая задача ўрада забяспечыць умовы, у якіх грамадзяне змаглі б зарабіць па пяцьсот”. „У многіх галінах, на многіх прадпрыемствах гэтая задача ўжо даўно вырашаная. У некаторых яна і не ўзнікала”, — сказаў прэм’ер-міністр.
Кабякоў адзначыў, што „цяпер рост рэальнай заработнай платы 102% да ўзроўню мінулага года, рост прадукцыйнасці працы па валавым ўнутраным прадукце — 102,7%. І па пяцьсот можна толькі тады, калі будзе створаная пэўная колькасць прадукту, паслуг, якія будуць рэалізаваныя і за іх атрыманыя грошы. Толькі тады будзе ўзровень заработнай платы, які нам хацелася б. Прызначаным ён быць не можа”.
Задачу дасягнуць сярэдняй зарплаты ў краіне 500 долараў у эквіваленце да канца года Аляксандр Лукашэнка паставіў ураду ў красавіку.
БелаПАН