Заснавальнік „Газеты Слонімскай” Ганна Валадашчук пакінула Беларусь



Заснавальнік недзяржаўнай „Газеты Слонімскай” Ганна Валадашчук пакінула Беларусь. Пра гэта яна паведаміла 14 лістапада на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”.

„Паважаныя чытачы і рэкламадаўцы, выказваю свае прабачэнні за тое, што „Газета Слонімская” 11 лістапада не выйшла ў свет. Мне давялося пакінуць Беларусь з-за асцярогі крымінальнага пераследу”, — напісала Валадашчук.

У панядзелак, 9 лістапада, у рэдакцыі „Газеты Слонімскай” і дома ў Валадашчук прайшлі вобшукі, канфіскаваныя ўсе камп’ютары і іншыя носьбіты інфармацыі.

Валадашчук з’яўляецца сведкай па крымінальнай справе аб паклёпе. Паклёпніцкія выказванні быццам бы з’явіліся ў мясцовых тэлеграм-каналах.

Заснавальнік „Газеты Слонімскай” заявіла, што не мае ніякага дачынення да тэлеграм-каналаў і толькі чытае паведамленні ў іх.

belapan.by