Заснавальнік сайта 1863x.com экстрадаваны ў Беларусь
Затрыманы ў Расеі заснавальнік сайта 1863x.com Эдуард Пальчыс, вядомы пад псеўданімам Джон Сільвер, у межах працэдуры экстрадыцыі перавезены ў Менск.
Інфармацыю пра экстрадыцыю Пальчыса БелаПАН 7 чэрвеня пацвердзілі ў Генеральнай пракуратуры Беларусі.
Упершыню звесткі пра затрыманне ў Расеі ананімнага стваральніка сайта 1863x.com, вядомага пад нікам Джон Сільвер (Jhon Silver), з’явіліся ў канцы студзеня гэтага года.
У красавіку стала вядома, што грамадзянін Беларусі Эдуард Пальчыс, стваральнік сайта 1863x.com, знаходзіцца ў турме Бранска. Пра гэта паведаміла расійскае выданне „Спутник и погром” („СиП”). У артыкуле „Як этнічны паляк дапамагаў беларусам будаваць антырускі нацыяналізм: павучальная гісторыя” ў прыватнасці адзначалася: „Заснавальнік галоўнага русафобскага рэсурсу экс-БССР — 25-гадовы ўраджэнец заходнебеларускага горада Ліда, каталік-практык, этнічны паляк Эдуард Аляксандравіч Пальчыс. У Расею Пальчыс паехаў < …> у пошуках працы. Не змог атрымаць ва Украіне палітычны прытулак”.
Паводле інфармацыі „СиП”, беларус быў затрыманы 23 студзеня гэтага года ў Бранскай вобласці пры перасячэнні расейска-ўкраінскай мяжы.
Паводле неафіцыйных звестак, МУС Беларусі абвясціла яго ў вышук за парушэнне падпіскі пра нявыезд. 1 сакавіка Следчы камітэт Беларусі афіцыйна пацвердзіў наяўнасць крымінальнай справы па факце размяшчэння публікацый на сайце 1863x.com. Як паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік СК Юлія Ганчарова, Следчым камітэтам распачатая і расследуецца справа на падставе ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці ці розні) і ч. 2 арт. 343 (распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў) КК.
Сайт 1863х.com быў створаны прыблізна паўтара года таму. На ім публікаваліся палітычныя тэксты, нярэдка з крытыкай уладаў Беларусі і Расеі. Стваральнік сайта вёў яго на ўмовах поўнай ананімнасці. Адзіным сродкам сувязі з ім быў інтэрнэт, з дапамогай якога ён меў зносіны з аўтарамі і даваў інтэрв’ю. У лістападзе 2015 года Джон Сільвер паведаміў на сайце: „Роўна паўгода таму, 5 траўня 2015 года, я быў затрыманы аператыўнай групай спецслужбаў, месяц правёў у „псіхушцы”, на мяне завялі дзве крымінальныя справы, і ў пачатку кастрычніка 2015 года мне давялося пакінуць Беларусь”. Вядома, што апошнім часам ён знаходзіўся ва Украіне. З таго часу сайт не абнаўляўся.