Заснавальніка партала TUT.BY Юрыя Зісера дзве гадзіны дапытвалі ў СК



Асноўнага ўладальніка партала TUT.BY Юрыя Зісера 8 жніўня выклікалі на допыт у Следчы камітэт. Зісер распавёў, што допыт доўжыўся каля дзвух гадзін, пры ім прысутнічаў ягоны адвакат.

Зісер праходзіць па справе ў якасці сведкі, з яго ўзятая падпіска аб неразгалошванні. Ён таксама адзначыў, што супрацоўнікі СК падчас допыту былі карэктныя і ветлівыя.

Нагадаем, 7 жніўня ператрусы і затрыманні прайшлі ў офісах кампаній TUT.BY і БелаПАН. У СК заявілі, што падставай да ўзбуджэння крымінальнай справы паслужыла паведамленне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «БелТА» аб збоях пры ажыццяўленні доступу да платнай падпісцы паслуг, якія адчуваў адзін з падпісчыкаў на навіны БелТА.

Сярод затрыманых апынуліся рэдактары і журналіст TUT.BY – Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік і Ганна Ермачонак, а таксама палітычны аглядальнік БелаПАН Таццяна Каравянкова.

8 жніўня СК заявіў аб затрыманні журналістаў Аляксея Жукава і Паўла Быкоўскага. Таксама ведамства паведаміла пра следчыя дзеянні з удзелам службовых асоб рэдакцыйна-выдавецкай установы «Культура і мастацтва», ТАА «РиэлтБай», ТАА «АйТиВи».

tut.by