Заснавальніку фэста “Аршанская бітва” прысудзілі другі арышт – за аб’явы ў Фэйсбуку



Заснавальнік фэсту, аршанскі гісторык Юрка Копцік быў затрыманы ўночы з 4 на 5 верасня каля вёскі Брылі Аршанскага раёну.

Разам з ім былі затрыманыя Ігар Уласенка і Васіль Мірановіч, усе трое правялі двое сутак да суду ў ізалятары часовага ўтрымання. 6 верасня іх судзілі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Васіль Мірановіч быў пакараны штрафам памерам 1450 рублёў ( 50 базавых велічынь), а Юрку Копціка і Ігара Уласенку асудзілі да 10-суткавых арыштаў. Але на сёмы дзень утрымання ў ІЧУ Юрку Копціка зноў павезлі ў суд і пакаралі другі раз – за запрашэнне на фэст як за заклікі на несанкцыянаваную акцыю, распавёў Ігар Уласенка:

– Быў суд, нам адразу далі па 10 сутак, потым яшчэ раз судзілі яго і дадалі 12 сутак. За заклікі, атрымліваецца, у Фэйсбуку. Заходзіш на старонку, а там вісіць аб’ява. Яны і маю старонку разглядалі ў “Аднакласніках”. Убачылі, што я на фота ў майцы з Пагоняй, дык сказалі: “Ты пратэстант!”

Падчас арышту ў Юркі Копціка і Ігара Уласенкі міліцыянты правялі ператрусы: шукалі нацыянальную сімволіку і забароненую друкаваную прадукцыю. Што да затрымання падчас фэсту “Аршанская бітва”, то супрацоўнікі міліцыі патлумачылі, што нібыта паступіла скарга ад вяскоўцаў, якія заўважылі невядомых у бліжэйшым лесе. Ігар Уласенка лічыць, што верыць у гэта нельга: бардаўскі фэст “Аршанская бітва”, запачаткаваны ў 1991-м годзе, цяпер практычна забаронены, і штогод міліцыянты імкнуцца адсачыць удзельнікаў, каб прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці.

Беларуска Радыё Рацыя