Затрымалі Андрэя Новікава, яго могуць выслаць з Беларусі ў Расею



У вёсцы Прусы Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці за ўдзел у пікеце па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Святланы Ціханоўскай затрыманы мясцовы актывіст Андрэй Новікаў.

Як паведамляе праваабарончы сайт „Віцебская вясна”, яго затрымалі 6 чэрвеня. Паводле слоў жонкі Андрэя Новікава Вольгі, да іх дадому прыехала група міліцыянераў на чале з начальнікам Пастаўскага РАУС. Андрэя забралі і павезлі ў Паставы, а пасля складання пратакола змясцілі да суда ў ізалятар.

Пратакол аб правапарушэнні быў складзены па артыкуле 23.34 КоАП. Новікава абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Легальныя пікеты, за ўдзел у якіх затрымалі актывіста, прайшлі ў Паставах 27 і 28 траўня. Андрэй Новікаў — грамадзянін Расейскай Федэрацыі, валанцёр ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, падпалкоўнік паліцыі ў адстаўцы.

Раней пастаўскі суд караў Андрэя Новікава штрафам у 30 базавых велічынь па тым жа артыкуле — за інтэрв’ю аўтару канала „Краіна для жыцця” блогеру Сяргею Ціханоўскаму.

Як пазней стала вядома праваабаронцам, Андрэя Новікава перавезлі ў ІЧУ ў Менску. Праваабаронцы мяркуюць, што яго рыхтуюць да дэпартацыі з Беларусі.

belapan.by

Фота vitebskspring.org