Затрымалі блогерку Алену Янушкоўскую. За пікет на гаўбцы
Блогерку забралі з дома яе дачкі, Юліі Уласенкі, якая жыве ў вёсцы Пестуніца Віцебскага раёна. Паводле спадарыні Юліі, калі па маці прыехалі міліцыянты, яна не вельмі добра сябе адчувала і выклікала хуткую дапамогу. Ёй зрабілі ўкол ад падвышанага ціску, але супрацоўнікі аддзела міліцыі Віцебскага раёна забралі яе нават у такім стане.
Юлія Уласенка кажа, што міліцыянты паказалі фотаздымкі, на якіх Алена Янушкоўская стаіць на гаўбцы з бел-чырвона-белым сцягам. Дзе і хто зрабіў гэтыя здымкі, не зразумела: блогерка жыве ў прыватнай хаце, і гаўбца там няма. Дачка мяркуе, што маці могуць ззмясціць за краты на сённяшнюю ноч, каб ужо назаўтра судзіць яе за несанкцыянаванае пікетаванне. Да ўсяго, у Юліі Уласенкі таксама прызначаны суд на заўтрашні дзень : яе вінавацяць за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу 14-га жніўня – у той дзень калона з некалькі соцень жыхароў Віцебску прайшла па горадзе на знак пратэсту супраць міліцэйскага гвалту і фальсіфікацыі вынікаў выбараў. Калі Алену Янушкоўскую сёння не адпусцяць, яе дачка не зможа трапіць на ўласны суд, бо ёй няма з кім пакінуць дваіх непаўналетніх дзяцей, 3-х і 11-ці гадоў.
Алена Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя