Затрымалі віцебскую блогерку Алену Янушкоўскую
Мінулую ноч 55-гадовая стваральніца відэаблога “Настоящая Беларусь” правяла ў ізалятары часовага ўтрымання.
Жанчына жыве ў вёсцы Суйкава Віцебскага раёну, і ў пастарунак яе забралі проста з дому, распавяла дачка затрыманай, Юлія Уласенка:
– Маму забралі за пікетаванне 8-га студзеня. Проста было відэа, і забралі таксама ноўтбук і тэлефон. Ці быў гэта ператрус, ці агляд жытла, я не ведаю – ніякіх папер пра тое, што нешта забралі, я не знайшла. Яе шукалі яшчэ адразу пасля 8-га, пыталіся ў мяне, дзе яна, прыязджалі дамоў, а яе не было…
Алену Янушкоўскую вінавацяць за размяшчэнне ў інтэрнэце відэа з прыватнай сяброўскай вечарыны. Міліцыянты лічаць, што прысутныя на сустрэчы не проста святкавалі Каляды, а ладзілі масавую акцыю. Нібыта за ўдзел у гэтым несанкцыянаваным пікеце сёння, 28-га студзеня, у суд выклікаюць дачку блогеркі, Юлію Уласенку. Алена Янушкоўская збіралася выступіць на працэсе ў якасці сведкі. Але ёсць верагоднасць, што абедзве адміністрацыйныя справы аб’яднаюць, і маці таксама будуць судзіць разам з дачкой.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск