Затрымалі яшчэ аднаго сябра Каардынацыйнай рады 



Затрымалі яшчэ аднаго сябра Каардынацыйнай рады дзеля ўрэгулявання палітычнага крызісу ў Беларусі – юрыста Канстанціна Цітова. Пра гэта паведаміла прэс-служба зняволенага прэтэндэнта на прэзідэнцтва Віктара Бабарыкі.

Канстанцін Цітоў уваходзіць у асноўны склад Каардынацыйнай рады. Абставіны зняволення не ўдакладняюцца, але сябры кажуць, што затрыманне адбылося яшчэ перад пачаткам Маршу герояў 13 верасня. Яго прозвішча ёсць сярод асобаў, якія ўтрымліваюцца ў турме № 8 у Жодзіне.

Першае паседжанне Каардынацыйнай рады прайшло 19 жніўня, а ўжо на наступны дзень Генпракуратура паведаміла, што паводле факту стварэння і дзейнасці рады пачатая крымінальная справа – заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы.

З сямі чальцоў прэзідыуму на волі і ў Беларусі застаецца толькі лаўрэатка Нобэлеўскай прэміі Святлана Алексіевіч.

Іншыя сябры рады ў зняволенні, а некаторыя былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі.

svaboda.org