Затрымалі за налепку, а судзяць “за пікет”
Віцебскую актывістку камапаніі “Еўрапейская Беларусь” Наталлю Спірыдонаву будуць судзіць за тое, што яна наклеіла на будынак домабудаўнічага камбіната налепку “Калгаснай дыктатуры – баста”. Спачатку на яе склалі пратакол паводле адміністрацыйнага артыкула 21.14 – за парушэнне парадку ўтрымання населеных пунктаў.
Але ў справу ўмяшалася пракуратура, кажа Наталля Спірыдонава:
– Склалі спачатку пратакол за парушэнне расклейкі ўлётак. Чакаю, рашэння няма, вырашыла патэлефанаваць у міліцыю. Мне кажуць, што пракурор выказаў пратэст – што пратакол складзены не па тым артыкуле, што гэта было пікетаванне. Не разумею, як можа быць налепка масавым мерапрыемствам.
Odtwarzacz plików dźwiękowych
Суддзя Першамайскага райсуда Міхаіл Юрчанка пацвердзіў, што пракурорскі пратэст справядлівы, і загадаў перарабіць дакументы. Міліцыя справілася з гэтым за пару гадзін, і ўжо заўтра, 12-га лютага, Наталлю Спірыдонаву будуць судзіць паводле часткі 3 артыкула 23.34 – за несанкцыянаванае пікетаванне.
Праваабаронца Павел Левінаў шакаваны такім рашэннем:
– Глядзім закон пра масавыя мерапрыемствы, што гэта такое. Гэта пікет, гэта шэсце, дэманстрацыя, і гэта мітынг. Да якога з азначэнняў яны могуць “прыляпіць” налепку, я не ўяўляю! Гэта наша так званае правасуддзе такім чынам прэсуе нашых людзей. Як толькі ты выходзіш за межы сваёй кватэры – ты мусіш быць рабом!
Odtwarzacz plików dźwiękowych
За налепкі як за парушэнне заканадаўства пра масавыя мерапрыемствы Наталлю Спірыдонаву заўтра будуць судзіць двойчы. За налепку на будынку Віцебскай абласной пракуратуры – у судзе Кастрычніцкага раёна, і за такую самую налепку на будынку домабудаўнічага камбіната – у судзе Першамайскага раёна. Разам з ёй будуць судзіць і актывіста камапаніі “Еўрапейская Беларусь” Алеся Круткіна, бо за налепкі іх затрымалі разам. Цяпер Алесь Круткін адбывае 15-суткавы арышт, але яго ўжо перавялі з полацкага ізалятара часовага ўтрымання ў віцебскі ІЧУ, каб да судоў перапісаць адміністрацыйныя пратаколы. Бо раней размяшчэнне налепак на будынку пракуратуры таксама кваліфікавалася іначай – як звычайнае хуліганства.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск
