Затрымана журналістка тэлеканала «Белсат» Любоў Лунёва



У Менску затрыманыя журналісты тэлеканала «Белсат» Любоў Лунёва і Дзмітрый Солтан. Як паведамляе телеграм-канал праваабарончага цэнтру „Вясна”, іх затрымалі ўвечары каля Беларускага дзяржаўнага медуніверсітэта, дзе праходзіла акцыя медыкаў супраць гвалту. Дзе журналісты зараз, не паведамляецца.

Напярэдадні ў раёне вуліцы Няміга супрацоўнікамі ДАІ быў затрыманы і збіты палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Віталь Цыганкоў. Яго жонцы, якая знаходзілася з ім у машыне, прыстаўлялі да галавы пісталет.

Затрыманні журналістаў працягваюцца, нягледзячы на запэўніванні прадстаўнікоў Міністэрства ўнутраных спраў. 12 жніўня прадстаўнік МУС Вольга Чамаданава паведаміла, што пытанні работы прадстаўнікоў СМІ на несанкцыянаваных акцыях «ўзятыя на асабісты кантроль кіраўніка ведамства».

Раней з заклікам спыніць гвалт у дачыненні да журналістаў, якія выконваюць свой прафесійны абавязак, да ўладаў звярнулася Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Беларускае Радыё Рацыя