Затрыманага ў Бабруйску Юрыя Грынявецкага адпусцілі з міліцыі



У дачыненні да намесніка Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Юрыя Грынявецкага 13 сакавіка распачаты адміністрацыйны працэс.

Міліцыя затрымала Юрыя Грынявецкага раніцай 13 сакавіка у Бабруйску. Апазіцыянер быў удзельнікам акцый пратэсту супраць дэкрэта „аб дармаедах”, якія прайшлі ў Бабруйску 26 лютага і 12 сакавіка і сабралі кожная да 1.000 чалавек.

„Я заявіў хадайніцтва аб праве на абарону з пачатку адміністрацыйнага працэсу. Міліцыянер мне выпісаў позву на сераду, 15 сакавіка, на 15.00”, — расказаў Юрый Грынявецкі, адзначыўшы, што ў позве адсутнічае ўказанне, за што канкрэтна ён абвінавачваецца і па якім артыкуле КоАП.

Актывіст мае намер запрасіць у якасці свайго прадстаўніка праваабаронца.

БелаПАН