Затрыманага ў Берасці Канстанціна Астапука адпусцілі з ІЧУ



З ізалятара часовага ўтрымання Ленінскага РАУС Берасця 12 лістапада адпусцілі Канстанціна Астапука, аднаго з праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода ТАА „АйПаўэр”.

Канстанцін Астапук у касцюме ліса. Фота Уладзіміра Вялічкіна

Як паведаміў БелаПАН Астапук, яго вызвалілі з ІЧУ прыблізна ў 10.30. Перад гэтым уручылі позву, што яму неабходна з`явіцца ў Ленінскі РАУС у нядзелю, 18 лістапада, у 12.00.

„Вусна мне сказалі, што выклікаюць у міліцыю для разбору з нагоды майго знаходжання 11 лістапада на плошчы Леніна ў роставай ляльцы ліса, — дапоўніў Астапук. — Незразумела, які можа быць разбор, калі ўчора ў міліцыі на мяне склалі пратакол за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў паводле ч. 1 арт. 23.34 КоАП. Пасля чаго змясцілі ў ІЧУ”.

11 лістапада  Астапук прыйшоў на плошчу Леніна, дзе традыцыйна ў нядзелю сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода, у роставай ляльцы ліса. Ён гуляў з дзецьмі, раздаваў ім паветраныя шары. Прыкладна ў 13.10, калі Астапук у касцюме ліса садзіўся ў машыну, каб паехаць з плошчы, яго затрымалі супрацоўнікі АМАП і даставілі ў Ленінскі РАУС.

„Я лічу, Астапука затрымалі неправамерна. І зробленае гэта з мэтай запалохвання праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода, якія па нядзелях збіраюцца на плошчы”, — заявіў БелаПАН праваабаронца Уладзімір Вялічкін.

Гэта другі выпадак затрымання Астапука.

belapan.by