Затрыманаму ў Віцебску расейскаму святару выстаўленае абвінавачанне



Расейскаму святару, затрыманаму ў Віцебску на мінулым тыдні, выстаўленае абвінавачанне, паведамілі БелаПАН ва ўпраўленні Следчага камітэта па Віцебскай вобласці.

Справа пачатая па ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 171 КК Беларусі (замах на арганізацыю заняцця прастытуцыяй, звязаны з вывазам за межы краіны). Святару пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Яму абраная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

Устаноўлена, што 39-гадовы айцец Мікалай (Мікалай Кірэеў) шляхам угавораў і абяцанняў спрабаваў вывезці ў Санкт-Пецярбург для заняцця прастытуцыяй дзвюх жыхарак Віцебска — 20 і 30 гадоў. Давесці свой намер да канца ён не змог, бо 3 жніўня быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі. Падазраванага разам з жанчынамі затрымалі ў раёне аўтавакзала ў Віцебску ў момант пасадкі ў аўтобус, які накіроўваўся ў Расею.

Раней СМІ паведамлялі, што Кірэева затрымалі 4 жніўня пры аблаве на прытон з прастытуткамі. Пазней ва УУС Віцебскага аблвыканкама ўдакладнілі, што жанчыны, затрыманыя са святаром, прастытуцыяй не займаліся.

У Рускай праваслаўнай царкве (РПЦ) спадзяваліся, што айца Мікалая выдадуць для разбору ў Расею. Аднак, як адзначылі праваахоўныя органы, „злачынства, учыненае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, расследуецца беларускімі праваахоўнікамі ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам”.