Затрыманая актывістка Вольга Паўлава
Тэлеграм-канал «Страна для жизни» паведаміў пра затрыманне актывісткі Вольгі Паўлавай. Пасля чарговай адзнакі на «хіміі» Вольга папросту не вярнулася дадому.
Паведамляюць, што яна затрыманая па адміністрацыйным правапарушэнні і знаходзіцца ў Першамайскім РУУС. З ёй па Скайпе змог звязацца адвакат.
Вольга Паўлава скончыла медыцынскі ўніверсітэт і займалася прасоўваннем прафесійнай касметыкі на адным з буйных касметалагічных прадпрыемстваў. Падчас выбарчай кампаніі 2020 года стала актывісткай праекта «Краіна для жыцця», заснаванага Сяргеем Ціханоўскім, была сяброўкай ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, збірала подпісы за яе вылучэнне.
Пасля выбараў удзельнічала ў акцыях пратэсту. Яе затрымлівалі 4 разы. Апошні раз — на акцыі на «плошчы Пераменаў», пасля чаго на яе завялі крымінальную справу.
Вользе прад’явілі абвінавачанне па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). У снежні Вольга 17 дзён правяла ў карцары, дзесяць з іх яна галадала.
Яе пакаралі трыма гадамі абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову — хатняй «хіміяй». Прысуд вынесла суддзя суда Ленінскага раёна Марына Запаснік.