Затрыманая галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына



У Менску затрыманая галоўны рэдактар інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Ірына Леўшына.

 

Інфармацыю пацвердзіў Следчы камітэт. У СК адзначылі, што журналістка затрыманая „па крымінальнай справе аб несанкцыянаваным доступе да камп’ютарнай інфармацыі дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА”.

„З ёй праводзяцца следчыя дзеянні”, — заявіў начальнік аддзела інфармацыі і сувязі з грамадскасцю цэнтральнага апарата СК Сяргей Кабаковіч.

Сувязь з Леўшынай знікла раніцай 9 жніўня. Яна не прыйшла на працу ў звычайны час, яе мабільны тэлефон адключаны. Дачка Ірыны, якая прыехала ў кватэру, знайшла сляды вобшуку і ўскрыты сістэмны блок камп’ютара.

Кажа намеснік генеральнага дырэктара інфармацыйнай кампані БелаПАН Зміцер Наважылаў:

– Мы выказвалі здагадку, што яна на допыце ў Следчым камітэце, або дома праходзіць вобшук і тэлефон прымусова быў адключаны. Пазней нашыя здагадкі пацвердзіліся. Дома ў яе быў праведзены вобшук, прынамсі ў кватэры сляды вобшуку былі пабачаны. Дзе цяпер Ірына, у Следчым камітэце на допыце, ці ў іншым месцы, якія дзеянні з ёй праводзяцца, нам невядома.

Паводле інфармацыі БелаПАН, у СК будзе праведзены допыт Леўшынай, да яе едзе адвакат.

7 жніўня ў межах крымінальнай справы была затрыманая міжнародны аглядальнік БелаПАН Таццяна Каравянкова.