Затрыманая начальнік штаба Ціханоўскай Марыя Мароз (абноўлена)



Затрыманая сёння ў другой палове дня начальнік штаба Святланы Ціханоўскай Марыя Мароз знаходзіцца цяпер у ЦІП на Акрэсціна. Пра гэта Tut.by паведаміла прэс-сакратар кандыдата ў прэзідэнты Ганна Красуліна.

Ганна Красуліна кажа, што дома ў Марыі засталіся двое непаўналетніх дзяцей — сын 14-ці гадоў і двухгадовая дачка.

* * * 

У Менску 8 жніўня праваахоўнікі затрымалі кіраўніка штаба кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай Марыю Мароз.

Як паведаміла БелаПАН прадстаўнік штаба кандыдата Ганна Красуліна, затрыманне адбылося наўпрост ля ўваходу ў будынак, дзе знаходзіцца штаб Ціханоўскай, і ў прысутнасці кандыдата ў прэзідэнты. Марыю Мароз пасадзілі ў мікрааўтобус і павезлі для ўдзелу ў нейкім адміністрацыйным працэсе. „А паколькі сёння субота, то гэта як мінімум да панядзелка, наколькі мы гэта разумеем у нашых рэаліях”, — адзначыла Красуліна.

На пытанне, куды вязуць Мароз, праваахоўнікі спачатку адказалі, што ў Цэнтральнае РУУС, а затым — што ў Савецкае РУУС. „Гэта значыць, яны самі нібыта блытаюцца ў паказаннях”, — падкрэсліла прадстаўнік штаба.

Кіраўніка штаба Ціханоўскай Марыю Мароз затрымлівалі ў Менску 6 жніўня. Яе даставілі ў міліцыю, папярэдзілі „аб адказнасці за арганізацыю масавых беспарадкаў” і праз паўтары гадзіны адпусцілі.

Святлане Ціханоўскай было адмоўлена ў правядзенні 6 жніўня агітацыйнага мітынгу на ўсіх прадугледжаных для перадвыбарнай агітацыі пляцоўках Менска. На сустрэчу з Ціханоўскай, а таксама з яе паплечніцамі Марыяй Калеснікавай і Веранікай Цапкалай у Кіеўскім скверы сабралася некалькі тысяч чалавек.

Увечары 7 жніўня ў Мінску былі затрыманыя давераная асоба Ціханоўскай Андрэй Смалянчук і яго жонка Жанна Мякіш. Іх адвезлі ва УУС Заводскага раёна Менска. Прычыны пакуль невядомыя.

belapan.by