Журналістку Кацярыну Барысевіч змясцілі ў СІЗА КДБ (абноўлена)
Затрыманую супрацоўніцу парталу TUT. BY Кацярыну Барысевіч змясцілі ў СІЗА КДБ. Заўтра яе павінны дапытаць.
Журналістка рыхтавала матэрыял пра загінулага пратэстоўца Рамана Бандарэнку, паведамляе БелаПАН.
«Невядомыя ў цывільным і ў масках вывелі Кацярыну Барысевіч з дому і павезлі», — паведаміла гэтым вечарам Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Незадоўга да гэтага Генеральная пракуратура паведаміла пра завядзенне крымінальнай справы ў дачыненні да лекара Шпіталя хуткай дапамогі ды«іншай асобы» за «раскрыццё лекарскай таямніцы, якое пацягнула цяжкія наступствы».
Тым часам маці Рамана Бандарэнкі Алена перадала «Нашай Ніве» копію лабараторнага аналізу крыві яе сына. У гэтым дакуменце відаць, што этылавага спірту ў крыві Рамана Бандарэнкі няма — у выніку аналізу стаіць 0. Каб зняць магчымыя пытанні, яна дала дазвол на публікацыю гэтага дакумента.
Як паведамлялася, увечары 11 лістапада Раман Бандарэнка выступіў супраць зразання белых і чырвоных стужак невядомымі ў менскім двары, вядомым як Плошча пераменаў. Ён быў затрыманы і дастаўлены ва УУС Цэнтральнага раёна Менску. Адтуль яго накіравалі ў шпіталь хуткай медыцынскай дапамогі ў цяжкім стане. Увечары 12 лістапада малады чалавек памёр. Яму быў 31 год. Меў адукацыю мастака, служыў у спецназе.
Мемарыялы па загінулым з’явіліся ў буйных месцах Беларусі ды ў сотнях гарадоў свету.
Развітанне з Раманам Бандарэнкам пройдзе заўтра, 20 лістапада, з 11-й да 12-й гадзіны ў менскай царкве Ўваскрашэння Хрыстовага (на вул.Гамарніка 27а).
Беларускае Радыё Рацыя
***
Увечары 19 лістапада ў Менску затрыманая журналістка партала tut.by Кацярына Барысевіч, якая рыхтавала матэрыял пра Рамана Бандарэнку.
„Невядомыя ў цывільным і ў масках вывелі Кацярыну Барысевіч з дома і павезлі. Куды — мы пакуль не ведаем”, — паведаміла Беларуская асацыяцыя журналістаў.
На відэа, якое размешчанае ў тэлеграм-канале БАЖ, відаць, як Барысевіч выходзіць да мікрааўтобуса з пад’езда свайго дома ў Менску ў суправаджэнні людзей у цывільным.
У сваю чаргу партал tut.by мяркуе, што дзеянні сілавікоў могуць быць звязаныя з апублікаваным раней артыкулам Барысевіч пра загінулага пасля канфлікту на „плошчы Перамен” Рамана Бандарэнку.
Дачка Барысевіч расказала tut.by, што Кацярына выйшла ў краму, а неўзабаве ў суправаджэнні сілавікоў вярнулася дадому. Паводле слоў дачкі, у кватэры прайшоў вобшук, забралі ноўтбук. Менш як праз гадзіну журналістку павезлі невядомыя ў масках.
Незадоўга да гэтага Генеральная пракуратура паведаміла пра распачынанне крымінальнай справы ў дачыненні да ўрача УАЗ „Гарадская клінічная бальніца хуткай медыцынскай дапамогі” і „іншай асобы” паводле прыкмет злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 178 Крымінальнага кодэкса (раскрыванне ўрачэбнай таямніцы, якое пацягнула цяжкія наступствы).
„Дзейнічаючы наўмысна, без службовай неабходнасці, падазраваны ўступіў у злачынную змову з прадстаўніком інтэрнэт-рэсурсу (tut.by), якому паведаміў звесткі аб выніках медыцынскага агляду Рамана Бандарэнкі. Тым самым ён раскрыў урачэбную таямніцу, пры гэтым перадаў несапраўдную інфармацыю”, — паведамляе аддзел інфармацыі Генпракуратуры.
„Дзеянні названых асоб пацягнулі цяжкія наступствы, якія выявіліся ў павышэнні напружанасці ў грамадстве, стварэнні атмасферы недаверу да кампетэнтных дзяржаўных органаў, падахвочанні грамадзян да агрэсіі і супрацьпраўных дзеянняў. Падазраваныя затрыманыя”, — гаворыцца ў паведамленні.
Частка 3 артыкула 178 КК прадугледжвае пазбаўленне волі да трох гадоў са штрафам і пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю альбо без пазбаўлення.
Фота: baj.by