Затрыманне праваабаронца ў Нясвіжы
Сябра праваабарончага цэнтра “Вясна” і юрыст прафсаюза РЭП Аляксандр Вайцешык на выходных быў затрыманы міліцыяй Нясвіжскага РАУС за спробу прайсці на сход у якасці даверанай асобы былога работніка агракамбіната “Сноў” пенсіянера Вячаслава Сырыцы.
На гэтым сходзе вырашалі пытанне пазбаўлення Сырыцы звання ганаровага работніка агракамбіната і выключэнне з агракамбіната, кажа сябра праваабарончага цэнтра “Вясна” Сяргей Гоўша:
– Паколькі Сырыца з’яўляецца сябрам незалежнага прафсаюза, ён хацеў правесці з сабою на гэты сход давераную асобу – юрыста прафсаюза РЭП Аляксандра Вайцешыка.
Аляксандр Вайцешык абсалютна карэктна даказваў, што мае права прысутнічаць на сходзе і паказваў даверанасць. Але і дружыннікі, і міліцыя сцяной сталі ў дзвярах залы, кажа прысутны пры гэтым Мікалай Чарнавус:
– Дружыннік сказаў, што ён штурхаў яго, цялесных пашкоджанняў няма, маўляў, прарываўся Вайцешык у залу, дзе ідзе паседжанне. Насамрэч паседжання яшчэ не было.
На месцы быў складзены пратакол за хуліганства. Хаця ёсць відэаздымкі, якія сведчаць, што з боку Вайцешыка ўсё было прыстойна. Тым не менш праваабаронца завезлі ў Нясвіжскі РАУС, дзе яму стала кепска. На дадзены момант ён знаходзіцца ў Нясвіжскай бальніцы. Суд прызначаны на 26 лютага.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя