Затрыманне “Тэрор-Машыны”: саматужная гульня ў “нацыка” ці запланаваная аперацыя спецслужбаў?
У Віцебску затрыманы дваццацігадовы беларус, які ваяваў ва ўкраінскім добраахвотным батальёне “Азоў” у зоне Антытэрарыстычнай аперацыі. Вядома і мянушка затрыманага – “Тэрор-Машына”.
На сайце Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі ўжо выкладзеныя шматлікія фотаздымкі гэтага чалавека, дзе ў вочы адразу кідаюцца ягоныя татуіроўкі нацысцкай скіраванасці.
Затрыманне “Тэрор-Машыны” стала сапраўдным падарункам для пракрамлёўскай прапаганды, якая атрымала падставы вінаваціць абсалютна ўсіх беларускіх добраахвотнікаў у нацызме, фашызме, тэрарызме, а таксама ў злачынствах супраць чалавечнасці.
А што думаюць пра гэта затрыманне ва Украіне?
Наш украінскі карэспандэнт Марцін Война пагутарыў з валанцёрам Аляксеем Клімовічам з “Самаабароны Львоўшчыны”, якая апякуецца добраахвотнымі батальёнамі.
Аляксей Клімовіч: Вядома ўжо рэакцыя на гэтае затрыманне камандвання “Азова”. Так, яны пацвярджаюць, што хлопец, якога затрымалі ў Беларусі, сапраўды ўдзельнічаў у баявых дзеях на ўсходзе Украіны. Так, палітычныя погляды гэтага чалавека, на вялікі жаль, дадуць падставу нашым ворагам звінавачваць наогул усіх патрыётаў Украіны, а таксама добраахвотнікаў-замежнікаў, якія ваююць у Антытэрарыстычнай аперацыі, у падтрымцы неанацызму… Вайна – увогуле справа брудная. Не бывае “вайны чорнай” і “вайны белай”. А таму герой тае вайны можа імгненна стаць і антыгероем. Трапляецца такое і ў нас. Але ж усіх акалічнасцяў тае справы я пакуль не ведаю – інфармацыі пакуль вобмаль. Датаго ж, я не праўнік і не магу каментаваць гэтую справу з юрыдычнага пункту гледжання…
РР: Натуральнае пытанне: чаму камандванне “Азова”, якое, мяркую, ведала пра неанацысцкія погляды гэтага беларуса-добраахвотніка, не прыняло ніякіх мераў?
Аляксей Клімовіч: На маю думку, гэты чалавек патрапіў у “Азоў” напачатку баявых дзеяў, калі пытанне адбору таго ці іншага кандыдата асабліва не разглядалася, бо кадравыя пытанні тады проста былі неадпрацаваныя. Дый і не да кадравых пытанняў было: пытанне было ў ратаванні Украіны як дзяржавы. І гэта не прыгожыя словы, гэта сапраўды так.
РР: Неанацыст у добраахвотным батальёне Украіны – гэта што: выключэнне ці правіла?
Аляксей Клімовіч: Безумоўна, прыкрае выключэнне. Не хочацца, каб гэтае здарэнне запляміла ўвесь добраахвотніцкі рух.
РР: Але ж не выключаецца, што персанажы кшталту “Тэрор-Машыны” з відавочна неанацысцкімі поглядамі ёсць не толькі ў “Азове”, але і ў іншых батальёнах добраахвотнікаў. На ваш погляд, камандванне гэтых батальёнаў цяпер зробіць нейкія высновы?
Аляксей Клімовіч: Безумоўна. Але высновы трэба рабіць не толькі кіраўніцтву добраахвотных батальёнаў, але і непасрэдна кіраўніцтву дзяржавы. Дый і грамадскасці варта звярнуць увагу на падобнае…
РР: Паводле словаў міністра ўнутраных спраў Беларусі, у нашай краіне заведзена каля ста трыццаці пяці крымінальных спраў і супраць тых беларусаў, якія ваююць на баку непрызнаных ДНР і ЛНР, так і на ў добраахвотных батальёнах на баку Украіны. На ваш погляд, справа “Тэрор-Машыны” можа даць новы імпульс для ўціску менавіта на тых беларусаў, якія ваююць за Украіну?
Аляксей Клімовіч: Напэўна, так. Днямі ў Менску распачаўся працэс над беларускім добраахвотнікам Тарасам Аватаравым, які ваяваў у добраахвотным батальёне “Правага сектара”. Відавочна, трэба па самым хуткім часе чакаць падключэння прапагандысцкай машыны – і з боку беларускіх СМІ, і з боку расейскіх…
РР: І гэтая прапагандысцкая машына ўжо падключылася…
Аляксей Клімовіч: Так, так, “карцінку” яны рабіць умеюць, у гэтым сэнсе нам, украінцам, да іх яшчэ далёка. Так што, напэўна, розгалас і рэзананс справы “Тэрор-Машыны” будзе дастаткова сур’ёзным, і наступствы – таксама.
РР: Выглядае на тое, што Украіна не мае выразнай інфармацыйнай палітыкі ў дачыненні да Беларусі. Адсюль – маса бязглуздых міфаў пра ўсё, што ва Украіне адбываецца…
Аляксей Клімовіч: На вялікі жаль, гэта так. Ва Украіне – багата людзей, якія могуць растлумачыць беларусам, што сапраўды адбываецца ў нашай краіне. Але людзі гэтыя пераважна застаюцца ў сваіх блогах і фэйсбуках, далей справа не ідзе. Так што – маем тое, што маем…
Затрыманне “Тэрор-Машыны” з батальёна “Азоў” ставіць шмат пытанняў. Чаму гэты баец паехаў у Беларусь, ведаючы, што ён можа быць арыштаваны? Чаму затрыманне дзіўным чынам адбылося неўзабаве пасля таго, як ва ўкраінскім парламенце было пастаўленае пытанне пра мараторый на выдачу беларускіх добраахвотнікаў? Якія наступствы будзе мець гэтая справа для тых беларусаў, якія падтрымліваюць Украіну?
Адказаў на гэтыя пытанні пакуль няма.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя
Фота belaruspartisan.org