Затрыманні актывістаў у Менску
У Менску міліцыя затрымала некалькі актывістаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада). Яны прыйшлі на афіцыйнае святкаванне Першага траўня ў Парк Перамогі.
У іх былі нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі і плакаты з крытыкай беларускіх уладаў.
Па словах кіраўніка Народнай Грамады Міколы Статкевіча, частка прадстаўнікоў партыі накіравалася на дазволены ўладамі мітынг Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў у Кіеўскім скверы, але некалькі сябраў Менскага гаркаму Народнай грамады вырашылі прыйсці на афіцыйныя мерапрыемствы:
— Група актывістаў сюды пайшла з нацыянальнымі сцягамі і плакатамі. Калі не памыляюся, у іх было пяць ці шэсць плакатаў і два нацыянальныя сцягі. Яны разгарнулі гэта сярод удзельнікаў афіцыйных мерапрыемстваў у Парку перамогі, непадалёк Драздоў. Пасля гэта частку – іх затрымалі. Не усіх, дзякуй Богу. Затрымалі 5 чалавек.
Сярод затрыманых Генеральны сакратар Народнай Грамады Сяргей Спарыш, кіраўнік Менскага гарадскога камітэту партыі Валянцін Троцкі і кіраўнік адной з раённых арганізацыяў партыі ў Менску Рыгор Пагарцаў. Затрыманыя знаходзяцца ў міліцыі Цэнтральнага раёна.
Таксама раніцай быў затрыманы, але пазней вызвалены каардынатар грамадзянскай кампаніі „Еўрапейская Беларусь” Яўген Афнагель.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск