Затрыманні на акцыях памяці Рамана Бандарэнкі



Сілавікі затрымліваюць удзельнікаў акцыяў у гонар забітага Рамана Бандарэнкі.

Гэтак у Смаргоні падчас акцыі затрымалі мінімум пяць чалавек. Гэта Людміла Сульжыцкая, Андрэй Пупкевіч, праваабаронца Алесь Дзяргачоў. Таксама паведамляюць пра затрыманне Аляксандра Нагеллы і Андрэя Нядужкі. У Докшыцах затрымалі каля 10 чалавек.

Па інфармацыі Белсату, увечары ў Менску некалькі чалавек затрымалі на праспекце Дзяржынскага, таксама адбыўся «хапун» ля Медунівэрсітэту. На вуліцы Алібегава людзі збіраліся ўшанаваць памяць забітага Рамана Бандарэнка, неўзабаве прыехаў бусік і затрымаў траіх чалавек: двух жанчын і хлопца. Увечары каля РНПЦ на пр. Машэрава байцы ГУБАЗіКа разагналі ланцуг салідарнасці. Паводле праваабаронцаў, у Цэнтральны РУУС прывезлі каля 15 чалавек. Ёсць інфармацыя, што іх моцна збівалі, у тым ліку жанчын. Каля 20:00 у Менску на вуліцы Вадалажская падчас дваровага чаяпіцця сілавікі затрымалі двух сясцёр Марыну Кантаровіч і Наталлю Корсак. Імаверна, іх павезлі ў Першамайскае РУУС. У жанчын дома дзеці 2-х і 5-ці гадоў. Вакол народнага мемарыяла на Плошчы пераменаў утварылася вахта, якая сочыць за яго захаваньнем.

Беларускае Радыё Рацыя