Сілавікі затрымліваюць рабочых – удзельнікаў страйку (абноўлена)



У Беларусі працягваюцца затрыманьні рабочых, якія заяўлялі пра страйк. Праваабарончы цэнтар «Вясна» называе наступныя прозвішчы затрыманых: Сяргей Шэлест і Андрэй Пагярыла, «Гродна Азот», змешчаны ў СІЗА КДБ; Уладзімір Жураўка, «Гродна Азот»; Ірына Мацкевіч, дзяўчына Уладзіміра Жураўкі; Валянцін Цераневіч, «Гродна Азот»; Рыгон Рубан, «Гродна Азот»; Дзмітры Ільюшчанка, «Гродна Азот»; Вадзім Яфіменка, «Гродна Азот». Аляксандар Гашнікаў, БМЗ, змешчаны ў СІЗА КДБ; Ганна Аблаб, Беларуская чыгунка, змешчаная ў СІЗА КДБ; Сяргей Дзюба, Беларуская чыгунка, змешчаная ў СІЗА КДБ; Аляксей Сідар, машыніст цэху Карбамід-2 на «Гродна Азот».

Першапачаткова з’явілася інфармацыя, што былы «азотавец» з цэху «Аміяк-3» Сяргей Шэлест паспеў з’ехаць за мяжу, аднак потым яго знайшлі ў «амерыканцы». Пакуль няма дакладнай інфармацыі пра тое, у чым вінавацяць затрыманых.

* * * 

На „Гродна Азоце” адбываюцца затрыманні работнікаў. „Учора затрымалі майго намесніка Валянціна Цераневіча, а сёння яго жонку проста з працы вырвалі для нейкіх следчых дзеянняў”, — цытуе словы старшыні першаснай арганізацыі незалежнага прафсаюза прадпрыемства Андрэя Ханевіча gazetaby.media. Паводле яго слоў, напярэдадні затрымалі двух сябраў страйкама „Гродна Азота” Андрэя Пагерылу і Уладзіміра Жураўко.

22 верасня затрыманні працягнуліся. Сілавікі схапілі майстра па рамонце абсталявання цэха „Аміяк-3” Рыгора Рубана, майстра змены таго ж цэха Дзмітрыя Ілюшчанку і машыніста помпавых установак цэха „Карбамід-2” Аляксея Сідара, які далучыўся да забастоўкі.

Таксама затрыманы Сяргей Шэлест, які працаваў апаратчыкам цэха „Аміяк-3”. Восенню мінулага года ён абвясціў пра сыход у стачку. Па неафіцыйнай інфармацыі, Шэлест — у СІЗА КДБ.