Затрыманні на „Плошчы Перамен” у Менску
Супрацоўнікі сілавых структур перашкодзілі правядзенню акцыі памяці Рамана Бандарэнкі на „Плошчы Перамен” — у двары на вуліцы Чарвякова ў Менску, паведамляе belapan.by.
Увечары 12 студзеня, роўна праз два месяцы пасля смерці Бандарэнкі, грамадзяне збіраліся прайсці з ліхтарыкамі вакол трансфарматарнай будкі, на сцяне якой у свой час быў мурал у гонар дыджэяў, якія ўключылі песню Віктара Цоя „Перамен” на праўладным мерапрыемстве ў сталічным Кіеўскім скверы.
Мяркуючы па размешчаных у сацсетках відэазапісах, прысутныя не паспелі прайсці адзін круг, як да іх наблізіліся сілавікі. Паступаюць паведамленні пра затрыманні на вуліцах Варанянскага і Матусевіча. Валанцёрскі тэлеграм-канал „Спісы затрыманых” прыводзіць адно прозвішча.
Праваабаронцы «Вясны» паведамляюць пра затрыманні на вуліцы Матусевіча: у 20:30 каля маленькай царквы затрымалі трох мужчын. Сярод затрыманых — Раман Кісленка.