Затрыманні па ўсёй Беларусі за каментары пра загінулага афіцэра КДБ
Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе, што ў чацвер, 30 верасня, стала вядома пра тое, што супрацоўнікамі КДБ было затрымана каля 50 чалавек у межах крымінальнай справы, пачатай па двух артыкулах КК.
Затрыманні адбываліся 29 верасня і хутчэй за ўсё звязаны з каментаваннем у сацсетках пастоў пра гібель Андрэя Зэльцэра і супрацоўніка КДБ.
Праваабаронцам вядомыя імёны 26 затрыманых. Гэта жыхары Менска, Гомеля, Рэчыцы, Жлобіна, Віцебска і Слоніма. Мяркуецца, што найбольш затрыманых у Менску.
У Слоніме ўвечары ў сераду супрацоўнікі правялі ператрус і забралі 36-гадовага рабочага Аляксея Сянько. Па словах яго жонкі, мужчына „любіць каментары пісаць”, але абразаў у іх яна не бачыла. Сянько збіраліся везці ў сталіцу.