Затрыманні ў Берасці



Як перадае наш карэспандэнт, у Берасці АМАПАўцы адкрылі агонь па пратэстоўцах гумовымі кулямі:

– Ранены малады хлопец.  У горадзе тры ачагі супраціву – каля Савецкай, Машэрава і Бульвара касманаўтаў і далей ля Кобрынскага маста. Там страляюць. Кідаюць выбухоўкі. Бягуць АМАПаўцы са шчытамі. Прыехалі 10 машын з ваеннымі. Пратэстоўцы кідаюць бутэлькі ў аўтазакі, выдзіраюць плітку. Каля Савецкай каля 150 АМАПАўцаў. На вуліцы Машэрава пабудаваны барыкады. Людзі крычаць: Апусціце шчыты. Міліцыя з народам! Але іх не слухаюць. Амапаўцы стралялі наўпрост з машын гумовымі кулямі. Гэта страшна. АМАПАўцы зараз гоняць да Мухаўца пратэстоўцаў. 

* * * 

У Берасці працягваюцца затрыманні. Супрацоўнікі АМАПу ачапілі цэнтр гораду. Яны палююць на людзей, якія збіраюцца групамі, і моладзь:

– Некалькі аўтазакаў і чорных бусаў без нумароў стаяла каля цэнтральнага ўнівермага. Там адбыліся масавыя затрыманні. Паколькі спецтэхнікі на ўсіх не хапае, то выкарыстоўваюцца звычайныя аўтобусы.

Калона АМАПу таксама рушыла па вуліцы Савецкай. Перакрытыя перкрыжаванні з іншымі вуліцамі — у прыватнасці Будзёнага і Карбышава. Пераезд з Кобрынскага моста зачынены. Там знаходзяцца аўто ДАІ.

Дакладная колькасць удзельнікаў сённяшніх пратэстаў пакуль не агучваецца, паколькі людзі выходзяць адначасова ў розных месцах і гуртуюцца. На дадзены момант таксама стала вядома пра выхад у Бярозе ад трох да чатырох соцень чалавек і ў Пінску зараз бліз гарадскога выканаўчага камітэту сканцэнтравана каля трох соцен пратэстоўцаў.

У сацыяльных сетках некалькімі гадзінамі раней з’явілася паведамленне пра затрыманне назіральніка і актывіста, які выступаў супраць АКБ, Алега Вялава, журналістаў „Белсат” Міланы Харытонавай і Алеся Ляўчука.

Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота: тэлеграм-суполкі „Берасце для жыцця”