У Берасці прайшлі суды над затрыманымі ў нядзелю праціўнікамі будаўніцтва акумулятарнага заводу. Судовыя рэшэнні выносілі суддзі суда Ленінскага раёна: Святаслаў Каліна, Аляксандр Семянчук і Дзмітрый Шурын, па пунктах артыкула аб „удзеле ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах”.
Сітуацыю каментуе блогер і адзін з затрыманых удзельнікаў нядзельнай акцыі па „кармленні галубоў” Аляксандр Кабанаў:
– Я не ведаў, што “канвеер”, я не ведаў, колькі людзей затрымана. Калі ўжо сюды прыехаў, то даведаўся, што шмат затрыманых – больш дзесяці чалавек, але я не ведаў дакладна хто, колькі. Улада ў ступары, яны ўмеюць дзейнічаць толькі рэпрэсіўнымі метадамі. Звярніце увагу – сем, або восем месяцаў працавала ініцыятыўная група, збірала розныя дакументы, рабіла расследаванне, звярталася ў розныя лабараторыі і г.д., і ўсе думалі, што будзе нейкі вынік, бо накапалі дастаткова, каб спыніць будаўніцтва і пачаць дакладна разбірацца ва ўсіх гэтых праблемах. Ніхто гэтага не робіць, але на ініцыятыўную групу пачынаецца ціск усе больш і больш… і гэты судовы канвеер – гэта паказчык таго, як у нас умеюць працаваць улада.
5 базавых велічыняў штрафу атрымала пенсіянерка Людміла Карчэўская, па 10 базавых грамадскія актывісты Віталь Казак, Казлоўскі Уладзімір і Рыгора Пагарцаў. Дзмітрый Андрасюк атрымаў 40 базавых. Блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў заявілі хадайніцтвы аб удзеле ў разглядзе справы абаронцы і таму суддзі Шурын і Каліна адпаведна, абвясцілі перапынак да аўторка. Палітык Мікола Статкевіч атрымаў 5 сутак арышту і яшчэ адзін затрыманы – праваабаронца Раман Кісляк дастаўлены ў шпіталь, з-за кепскага стану здароўя. У якасці сведкі-міліяцынта на працэсах выступаў прапаршчык па прозвішчу Ружанскі.
* * *
Экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Мікалая Статкевіча асудзілі на 5 сутак арышту. Адпаведнае рашэнне прыняў суддзя суда Ленінскага раёна Берасця Аляксандр Семянчук, бо прызнаў ягоную віну ў парушэнні правілаў правядзення масавых мерапрыемстваў. Справа датычылася акцыі супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу, якая адбылася на плошчы Леніна ў Берасці ў мінулую нядзелю. Вырак каментуе праваабаронца Уладзімір Малей, які прысутнічаў на разглядзе справы:
– Ён заняў пазіцыю як і іншыя, на пытанні суддзі не адказваў, маўчаў, ну і ўрэшце рэшт суддзя прыняў рашэнне пакараць яго 5-ю суткамі арышта. Я лічу, што гэта незаконна, таму што хочуць заціснуць свабоду слова, свабоду сходаў, асабліва ў горадзе Берасці, калі увесь час людзі выходзілі, пратэстуючы супраць будаўніцтва завода, кармілі галубоў. А тут у адкрытую сказаў: Не заводу.
Ад пачатку сакавіка 2018 году ў Берасці штонядзельна праходзяць акцыі праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу. Між сабой і ў СМІ, актывісты называюць іх „кармленнем галубоў”. Падчас акцыяў, людзі абмяркоўваюць апошнія навіны і выпрацоўваюць стратэгію барацьбы на бліжэйшы час, часам выказваюць незадвальненні ў розных формах. З прыездам Мікалая Статкевіча, на мінулым „кармленні галубоў” з’явіўся транспарант з тэкстам: „Не заводу АКБ”. Акрамя Статкевіча, адбыліся суды яшчэ над дзесяткам затрыманых на той акцыі.
* * *
У Ленінскім судзе Берасця адбываюцца суды над удзельнікамі акцыі праціўнікаў акумулятарнага заводу, якая прайшла на цэнтральнай плошчы гораду 14 кастрычніка.
Вядома, што ноч у ізалятары правялі палітык Мікола Статкевіч, блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандар Кабанаў, яшчэ некалькі чалавек, затрыманых падчас акцыі. Не выйшаў з пастарунку і праваабаронца Раман Кісляк, якога выклікалі позвай у міліцыю.
Алег Вялаў, якога затрымалі 14 кастрычніка каля Ленінскага РАУС, заявіў хадайніцтва аб адвакаце, суд перанеслі на 16 кастрычніка.
Рамана Кісляка хуткая дапамога завезла зь Ленінскага РАУС у лякарню, у яго ўзняўся ціск. Ён быў затрыманы пасля таго, як прыйшоў 14 кастрычніка ў Ленінскі РАУС па позве. Ноч правёў у пастарунку. Праваабаронца паведаміў Свабодзе, што яму ўручылі позву ў суд на 18 кастрычніка, будуць судзіць за ўдзел у акцыі, якая адбылася ўчора. Цяпер ён праходзіць абследаванне ў лякарні.
* * *
У Берасці на плошчы Леніна адбылася несанкцыянаваная ўладамі горада акцыя праціўнікаў завода акумулятарных батарэй, які будуецца пад Берасцем. На плошчу выйшла каля 120 чалавек.
Усяго пад час мітынгу на плошчы Леніна, перад ягоным пачаткам і пасля акцыі было затрымана 14 чалавек. Іх даставілі ў Ленінскі РАУС, аднак траіх непаўнагадовых і Дзмітрыя Бекалюка, які быў з сынам, пазней адпусцілі. Астатнія правялі ноч у ізалятары часовага ўтрымання.
У судзе сваякі і сябры чакаюць, калі з ІЧУ даставяць затрыманых. Па словах праваабаронцы Уладзіміра Малея, раскладу судовых паседжанняў па стане на 11.30 у судзе пакуль няма.
На гэты час вядома, што пратаколы адміністрацыйнага правапарушэння складзеныя на Сяргея Пятрухіна, Аляксандра Кабанава, Міколу Статкевіча, Людмілу Карчэўскую, Рыгора Пагарцава, Віталя Казака, Уладзіміра Мароза, Дзмітрыя Андрасюка, праваабаронцу Рамана Кісляка і, верагодна, на Уладзіміра Казлоўскага.
Наконт Людмілы Карчэўскай БелаПАН паведамляе, што яе адпусцілі ў РАУСа яшчэ ўчора пасля складання пратакола правапарушэння. Суд над ёй прызначаны на 16:00.
У першай палове дня суды так і не адбыліся.
„Пакуль ціха”, – паведаміў праваабаронца Уладзімір Малей па стане на 14:20.
Пасля 15 гадзін у суд з ІЧУ даставілі першую пяцёрку затрыманых. Па інфармацыі Марыны Адамовіч, Мікола Статкевіч пакуль застаецца ў ІЧУ.
Пачаліся разгляды спраў Рыгора Пагарцава і Уладзіміра Мароза.
Суддзя Дзмітрый Шурын вынес пастанову: Рыгора Пагарцава за парушэнне ч.1 арт 23.34 КаАП аштрафаваць на 10 базавых велічынь.
Дзмітрый Шурын прыступіў да разгляду адміністрацыйнай справы па ч.1 арт 23.34 КаАП РБ Андрэя Сліжа. Пастанова – штраф 10 б.в.
Справу Дзмітрыя Андрасюка разглядае суддзя Святаслаў Каліна. Пастанова – штраф 40 б.в.,або 980 рублёў.
Адзін з затрыманых па прозвішчы Вялаў запатрабаваў адваката, таму паседжаннне перанесенае на 16 кастрычніка.
Марына Адамовіч паведамляе ў фэйсбуку, што праваабаронцу Рамана Кісляка з ІЧУ забрала “хуткая”. Тым часам у суд даставілі яшчэ дваіх мітынгоўцаў. Гэта Віталь Казак і Уладзімір Казлоўскі.
Людмілу Карчэўскую будзе судзіць суддзя Аляксандр Семянчук. Перад гэтым ён разгледзеў справу Віталя Казака і вынес пастанову ад прыцягненні яго да адказнасці па ч.1 арт 23.34 у выглядзе штрафу ў памеры 10 базавых велічынь.
За некалькі дзён да гэтага ў сацыяльных сетках і спецыялізаваных групах адкрыта распаўсюджвалася інфармацыя з заклікамі выйсці на плошчу менавіта сёння і выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю.
Цягам усяго мерапрыемства міліцыя нікога не чапала, людзі спакойна разгарнулі транспарант з надпісам „Не заводу АКБ”, усе жадаючыя маглі выступіць і данесці да прысутных уласны пункт гледжання. Праўда, да моманту пачатку мерапрыемства паступіла інфармацыя пра затрыманне Дзмітрыя Бекалюка. Акрамя іншага, выступоўцы нагадалі, што ўсе спробы арганізаваць афіцыйнае мерапрыемства не мелі поспеху. Такім чынам, людзі лічаць, што яны пазбавіліся магчымасці выказаць свой пратэст.
Пасля таго, як акцыя скончылася, частка людзей прапанавала самастойна ўсім ахвотным прайсці ў размешчаны непадалёк аўтазак. Міліцыя не стала гэтаму перашкаджаць, і забрала некалькі чалавек, уключна з Мікалаем Статкевічам, які прыехаў у Берасце падтрымаць пратэстоўцаў.
Пры гэтым тыя людзі , што засталіся на плошчы, скандавалі „акупанты!”.
На вечар у будынку РАУСу было каля 10 затрыманых, затрыманага раней Дзмітрыя Бекалюка адпусцілі. Сярод затрыманых Сяргей Пятрухін, Аляксандр Кабанаў, Віталь Казак, Уладзімір Мароз, Рыгор Пагарцаў, Людміла Карчэўская, Дзмітрый Андрасюк, Раман Кісляк.