Затрыманні ў Гомелі



У Гомелі пасля разгону акцыі пратэсту супраць нерэгістрацыі альтэрнатыўных прэтэндэнтаў сярод затрыманых аказаліся сама меней 11 чалавек.

Праз нейкі час па заканчэнні акцыі ля ганку Цэнтральнага РАУС сабраліся грамадзяне, якія распавялі пра абставіны затрымання іх сяброў і родных:

– Мы прыйшлі, і якраз у гэты момант пачаў акружаць АМАП і затрымліваць. Нас адпусцілі, таму што да нас падышоў амапавец і запытаўся: «удзельнічаеце?», мы адказалі, што не ўдзельнічаем. Тады ён сказаў, каб хутка ішлі адсюль або затрымаюць. І мы сказалі: добра. Мы сышлі, а сябры нашы не змаглі.

– Не было ніякіх падставаў для затрымання, не крычаў ніякіх палітычных лозунгаў, не ўдзельнічаў ні ў якіх мітынгах, нічога. Проста ішоў і гуляў з сябрам. І атрымліваецца, што ў краіне проста бязмежжа, па-іншаму я не магу сказаць.

Пасля 23-й гадзіны вечара з міліцыі сталі выпускаць затрыманых гомельцаў. Спачатку на волю выйшлі журналісткі парталу «Моцныя навіны» Марына Драбышэўская і Надзея Пужынская. Пазней адпусцілі Юрыя Глушакова і непаўнагадовага хлопца. Астатнія затрыманыя, хутчэй за ўсё, будуць прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: naviny.by, flagshtok.info