Адпусцілі ўсіх затрыманых у раёне бульвара Талбухіна (абноўлена)



З Першамайскага РУУС, па папярэдняй інфармацыі, адпушчаныя ўсе затрыманыя ў раёне бульвара Талбухіна ў Менску.

* * * 

З Першамайскага РУУС Менска спачатку былі адпушчаны праваабаронцы і журналіст Ілля Дабратвор, якіх затрымалі на бульвары Талбухіна. Пасля гэтага ў Першамайскім РУУС заставаўся 21 чалавек. На некаторых з іх склалі пратаколы аб правапарушэнні. Пазней большасць з іх адпусцілі.

* * * 

Па ўдакладненых звестках, 3 ліпеня, у Дзень Незалежнасці, у цэнтры Менска затрымана каля 30 чалавек, у тым ліку праваабаронцы. Як паведаміў БелаПАН журналіст, член Партыі БНФ Ілья Дабратвор, які таксама затрыманы, ва УУС Першамайскага раёна разам з ім цяпер знаходзяцца 28 чалавек. Гэта тыя, каго затрымалі ў скверы на бульвары Талбухіна, дзе апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч ініцыяваў правядзенне „Акцыі вызвалення і салідарнасці”, ці на падыходах да сквера.

* * * 

У Менску затрыманы апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч, ініцыятар „Акцыі вызвалення і салідарнасці”, якую ён планаваў правесці ў 13.00 у скверы на бульвары Талбухіна.

Як паведаміла БелаПАН жонка палітыка Марына Адамовіч, Статкевіч быў затрыманы прыкладна ў 11.30, калі выходзіў з дома на акцыю. На думку Адамовіч, ён зараз знаходзіцца ва УУС Ленінскага раёна Мінска. Жонцы Статкевіча заявілі, што яго там няма, але, паводле яе слоў, каля будынка РУУС стаіць мікрааўтобус, на якім павезлі затрыманага Статкевіча.

На сваёй старонцы ў „Фэйсбуку” Статкевіч заклікаў людзей прыйсці на акцыю ў Дзень Незалежнасці, каб „выказаць сваю салідарнасць з пакаленнем, якія вызвалілі свет ад улады Гітлера, і з тымі, хто зараз змагаецца за вызваленне краіны ад улады яго прыхільніка”.

У скверы на бульвары Талбухіна затрыманы прыхільнікі Мікалая Статкевіча, якія прыйшлі на ініцыяваную ім „Акцыю вызвалення і салідарнасці”, а таксама група праваабаронцаў.

Людзі ў цывільным затрымалі, у прыватнасці, Сяргея Спарыша — намесніка старшыні аргкамітэта Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), якую ўзначальвае Статкевіч, члена гэтай жа партыі Валянціна Трокскага і актывіста БСДП (Грамада) Аляксандра Абрамовіча з Маладзечна. Усе трое былі затрыманыя пасля таго, як разгарнулі расцяжкі з лозунгамі „Размаўляць без страху”, „Далоў цэнзуру” і інш.

Акрамя таго, затрыманыя актывісты апазіцыі Максім Вінярскі і Ніна Багінская, а таксама праваабаронцы цэнтра „Вясна” (паводле папярэдняй інфармацыі, пяць чалавек).

Як паведаміла грамадская актывістка Алена Тоўстая, сёння на выхадзе з дома быў таксама затрыманы апазіцыйны палітык Вячаслаў Сіўчык, які збіраўся прыйсці на акцыю.

Усіх затрыманых павезлі, як мяркуецца, ва УУС Першамайскага раёна Менска, на тэрыторыі якога размешчаны сквер.

Ініцыятар акцыі Мікалай Статкевіч быў затрыманы прыкладна ў 11.30 каля свайго дома. Паводле інфармацыі жонкі палітыка, цяпер ён знаходзіцца ва УУС Ленінскага раёна.

На сваёй старонцы ў „Фэйсбуку” Статкевіч заклікаў людзей прыйсці на акцыю ў Дзень Незалежнасці, каб „выказаць сваю салідарнасць з пакаленнем, якое вызваліла свет ад улады Гітлера, і з тымі, хто зараз змагаецца за вызваленне краіны ад улады яго прыхільніка”.