Затрыманні ў Менску і Баранавічах



Сустаршыню аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Паўла Севярынца, які 2 кастрычніка быў асуджаны на 15 сутак за акцыю супраць вучэнняў „Захад-2017”, 11 кастрычніка ў Менску міліцыянты забралі для адбыцця адміністрацыйнага арышту.

Пра гэта паведаміла жонка палітыка Вольга Севярынец на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”.

Як звяртаюць увагу ў БХД, затрыманне адбылося такім чынам, каб запланаваную на 21 кастрычніка ў Менску акцыю пратэсту „Марш абураных беларусаў 2.0” сустаршыня БХД сустрэў у зняволенні.

Таксама за акцыю 8 верасня затрымалі актывіста кампаніі „Еўрапейская Беларусь” Яўгена Афнагеля. Яго таксама засудзілі на 15 сутак арышту.

За ўдзел у акцыі ўжо адсядзеў 7 сутак арышту паэт Уладзімір Някляеў. Палітык Мікалай Статкевіч свой 5-суткавы арышт яшчэ не адбываў. А справу Вячаслава Сіўчыка за ўдзел у акцыі 8 верасня паўторна разгледзяць у судзе Партызанскага раёна Менска. Суд задаволіў пратэст пракурора Партызанскага раёна, які палічыў пакаранне штрафам занадта мяккім.

Акцыя 8 верасня супраць вучэнняў „Захад-2017” была прымеркавана да Дня беларускай вайсковай славы, які апазіцыя адзначае ў гадавіну гістарычнай бітвы пад Воршай. Падчас яе правядзення затрыманні не праводзіліся, аднак пазней многія яе ўдзельнікі былі пакараныя судом  адміністрацыйнымі арыштамі альбо штрафамі.

Праваабаронцу Аляксандра Вайцешыка затрымалі ў судзе Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы, дзе разглядалася адміністрацыйная справа расейскага гісторыка і філосафа Пятра Рабава. Вайцешыка затрымалі падчас перапынку ў судовым пасяджэнні і даставілі ў гарадскі аддзел унутраных спраў. Там на яго склалі пратакол за абразу суда і непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. Сёння яго будуць судзіць. Да суда Вайцешык будзе знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання.

Беларускае Радыё Рацыя