Затрыманы 30-гадовы берасцеец, які хацеў забіць жонку
У Берасці днём 15 красавіка супрацоўнікі міліцыі затрымалі 30-гадовага мясцовага жыхара, які падазраецца ў замаху на забойства жонкі з асаблівай жорсткасцю.
Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Берасцейскай вобласці Марына Дранькова, замах на забойства 31-гадовай жанчыны быў учынены 13 красавіка прыблізна ў 0.30 у Берасці, у кватэры па месцы яе жыхарства.
Пацярпелай было нанесена не менш як 15 удараў нажом у шыю, грудную клетку і іншыя часткі цела. Крыкі жанчыны аб дапамозе пачула яе шасцігадовая дачка, якая спала ў тым жа пакоі. Дзяўчынка разбудзіла бабулю і дзядулю, бацькоў сваёй мамы, і свайго дзядзьку, якія жывуць у гэтай жа кватэры.
Дарослыя выклікалі хуткую дапамогу і паведамілі пра здарэнне ў праваахоўныя органы. Медыкі, якія прыбылі на месца, даставілі жанчыну ў Берасцейскую абласную бальніцу. Яна знаходзіцца ў рэанімацыйным аддзяленні ў вельмі цяжкім стане.
Паводле слоў блізкіх, пацярпелая ім распавяла, што цялесныя пашкоджанні ёй прычыніў муж. З месца здарэння 30-гадовы мужчына адразу ж уцёк. Ён жыве ў гэтай жа кватэры.
Берасцейскім міжраённым аддзелам Следчага камітэта распачатая справа на падставе ч. 1 арт. 14, п. 6 ч. 2 арт. 139 КК (замах на забойства, учынены з асаблівай жорсткасцю). Матэрыялы ў працу прынялі следчыя абласнога ўпраўлення.
Вырашаецца пытанне пра выкарыстанне да затрыманага меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Трыццацігадовы мужчына да крымінальнай адказнасці раней не прыцягваўся. Паводле слоў родных яго жонкі, схільнасці да агрэсіі не выяўляў. У межах крымінальнай справы прызначаны комплекс судовых экспертыз, праводзяцца допыты сваякоў і знаёмых сямейнай пары.