Два праціўнікі АКБ сустрэнуць Вялікдзень у ІЧУ (абноўлена)



 

Затрыманы Аляксандр Кабанаў. Пра гэта паведаміў ягоны паплечнік Сяргей Пятрухін. Ад учора дом у Пінскім раёне, дзе блогер знаходзіўся ў самаізаляцыі, быў блакаваны супрацоўнікамі міліцыі. Ужо сёння, 18 красавіка,  у 07:30 раніцы Аляксандр Кабанаў выйшаў за браму дома, дзе і быў затрыманы.

Пра прычыны затрымання кажа праваабаронца Раман Кісляк:

– За нядзельную акцыю 12 красавіка. Думаю, што за яе. Па-рознаму бывае: могуць і на месцы пакінуць.

Напярэдадні ўвечары таксама быў затрыманы адзін з лідараў пратэстаў супраць будаўніцтва завода АКБ пад Берасцем Дзмітрый Бекалюк. Абодва прымалі ўдзел у нядзельнай маўклівай акцыі па «кармленні галубоў» у знак пратэсту супраць запуску завода, якая перайшла ў шэсце з лозунгамі і транспарантам.

Беларускае Радыё Рацыя

***

Раніцай 18 красавіка стала вядома пра затрыманне берасцейскага блогера і актывіста Аляксандра Кабанава.

Пра затрыманне паведаміў праваабаронца Уладзімір Вялічкін:

– У 7-30 яго затрымалі ў Пінскім раёне, у Гарадзішчы. Кабанаў там знаходзіўся на самаізаляцыі. З учорашняга вечара хату блакавалі міліцыянты. Раніцай Кабанаў сабраў дзяжурны пакунак, пагаліўся, наклаў маску і выйшаў за браму, дзе і быў затрыманы. 

Праваабаронца Вялічкін мяркуе, што затрыманне звязана з выступам у мінулую нядзелю ў Берасці. Да панядзелка Кабанава, як і Бекалюка, не выпусцяць, каб зашкодзіць заўтрашняй акцыі пратэсту супраць завода АКБ. Праціўнікі завода настроены рашуча.

Праваабаронца дапускае, што  могуць быць яшчэ прэвентыўныя затрыманні тых, хто актыўна выступаў 12-га красавіка на плошчы ў Берасці.

http://spring96.org