Аляксандра Макаева пакаралі 50 базавымі
Прадпрымальнік і грамадскі актывіст Аляксандр Макаеў аштрафаваны на 50 базавых велічынь. Адміністратыўная справа разглядалася ў судзе Цэнтральнага раёну. Міліцыя абвінаваціла Макаева ў тым, што ён нібыта заклікаў прадпрымальнікаў падчас стыхійнага сходу 1 сакавіка на рынку ў Ждановічах выйсці на Кастрычніцкую плошчу. Па словах аднаго з лідараў прадпрымальніцкага руху Вячаслава Піліпука, хаця суд і прызнаў віну Макаева даказанай, аднак добра ўжо тое, што ён у чарговы раз не арыштаваны.
– Вызвалілі. Але прысудзілі 50 базавых велічынь. Вельмі паўплывала тое, што мы са свайго боку знайшлі трох сведак, у нас атрымалася тры нашыя супраць трох іхніх. Калі б прадпрымальнікі не аказалі гэтую салідарнасць для яго і не прыехалі, і не сведчылі, то працэс прайшоў бы толькі са словаў сведак аднаго боку, зацікаўленых работнікаў РАУС, то тады, напэўна, ён паехаў бы на суткі.
Па словах Вячаслава Піліпука, калі гаварыць аб вінаватых у тым, што прадпрымальнікі пачалі стыхійны страйк, выйшлі на сходы, то гэта тыя прадстаўнікі ўлады, якія распрацавалі законы, якія знішчаюць прыватных прадпрымальнікаў і не даюць ім працаваць далей.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Менскага прадпрымальніка Алеся Макаева прывезлі ў суд Цэнтральнага раёна сталіцы, паведаміла яго жонка Юлія Сцяпанава.
Паводле яе слоў, Макаева маюць намер судзіць за парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў. Родныя прадпрымальніка нанялі адваката для яго абароны.
Фота Генадзя Барбарыча.
* * *
Затрыманы лідар Каардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Менска Аляксандр Макаеў.
Пра гэта паведаміла яго жонка Юлія Сцяпанава. З яе слоў, напярэдадні яго таксама затрымлівалі людзі ў цывільным. Адным з іх апынуўся начальнік Цэнтральнага РАУС Менска Арцём Шахлай, якому Аляксандр Макаеў у распісцы паабяцаў прыйсці ў суд сам. Ужо сёння было загадзя вядома, што яго зноў могуць пасадзіць на суткі:
– Патэлефанаваў мужчына і сказаў, што мне тэрмінова трэба з табой сустрэцца. Усхвалявана казаў. У мяне ёсць вельмі важная інфармацыя для цябе. Дзе ты жывеш? Мы жывем не па прапісцы. Саша на Касманаўтаў прапісаны. А мы жывем на плошчы Бангалор. Я так разумею, яны паленаваліся зазірнуць у дакументы і паглядзець адрас, вырашылі такім чынам высветліць. Зразумела, ніхто ніякі адрас не даў. Мы зразумелі, што хочуць яго затрымаць, мы ўжо пачалі збіраць сумку на Акрэсціна. Саша кажа, што калі паспею, схаджу ў магазін і куплю мініралкі з сабой, цыгарэт, розных дробязяў. Выйшаў з кватэры ўжо з сумкай, бо здагадваліся, што чакаюць ля пад’езда.
„З-за вугла падышлі людзі ў цывільным, але далі схадзіць Аляксандру Макаеву ў краму, затым затрымалі і павезлі ў РУУС Цэнтральнага раёна Менска”, – працягвае Юлія Сцяпанава.
„Калі б не патэлефанавалі, то торбу ў аршыт сабраць не ўдалося б,” – шукае свае плюсы ў гэтым званку жонка прадпрымальніка. Праўда, пакуль невядома, якое абвінавачванне прад’явяць у міліцыі лідару прадпрымальнікаў. З моманту апошняга двухтыднёвага арышту Аляксандра Макаева не прайшло і двух тыдняў.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя