Затрыманы Аляксандр Велясніцкі – афіцэр, які год таму адмовіўся ад медаля



29 верасня ў Століне быў затрыманы Аляксандр Велясніцкі — папярэдне, па справе каментараў у сацсетках пра гібель Андрэя Зельцэра і супрацоўніка КДБ.

Па месцы пражывання Аляксандра Велясніцкага правялі ператрус, а яго самога перавезлі ў Менск, паведамляюць праваабаронцы.

У жніўні мінулага года Аляксандр — былы афіцэр-памежнік — адмовіўся ад медаля «За бездакорную службу» і сказаў тады:

— Я прыняў гэтую ўзнагароду з гонарам. Больш чым 15 гадоў сапраўды годнай службы ў памежных войсках і органах памежнай службы давалі падставу лічыць, што я маю права насіць гэтую ўзнагароду на сваім парадным кіцелі. Так было да ўчорашняга дня. Учора я даведаўся, што гэтым жа медалём у тэрміновым парадку ўзнагароджваюць тых, хто ўдзельнічае ў выкраданнях, збіваннях і катаваннях мірных людзей, жанчын і мужчын, непаўналетніх і падлеткаў, старых… Аказваецца, бездакорна служыць той, хто залівае крывёю асфальт.