Аператара „Белсата” Аляксандра Баразенку адпусцілі з міліцыі (абноўлена)



Аператара польскага тэлеканала „Белсат”, што вяшчае для Беларусі, Аляксандра Баразенку, які раніцай 9 мая быў затрыманы ў Мар`інай Горцы (Менская вобласць), адпусцілі з міліцыі.

Як паведамляецца на сайце тэлеканала, машыну, якой кіраваў Баразенка, каля 9 гадзін спынілі супрацоўнікі ДАІ, нібыта каб праверыць, ці не знаходзіцца аўтамабіль ва ўгоне. Падазрэнні даішнікаў выклікаў vin-нумар машыны. Пасля затрымання тэлефон журналіста быў недаступны.

У Пухавіцкім РАУС у Мар`інай Горцы Баразенку пратрымалі тры гадзіны і каля 12 гадзін адпусцілі. Аўтамабіль таксама вярнулі, атрымаўшы тлумачэнні.

Варта зазначыць, што Аляксандра Баразенку затрымалі ў дзень яго нараджэння, сёння яму споўнілася 32 гады.

За апошнія дні ў шэрагу гарадоў Беларусі адбылося некалькі затрыманняў журналістаў, якія асвятлялі несанкцыянаваныя ўладамі акцыі.

Так, напярэдадні ў Глыбокім (Віцебская вобласць) быў затрыманы журналіст Зміцер Лупач, які супрацоўнічае з „Белсатам”. Ён прысутнічаў на сустрэчы з аўтарам youtube-канала „Краіна для жыцця” блогерам Сяргеем Ціханоўскім 31 сакавіка. Улады расцэньваюць вулічныя сходы прыхільнікаў Ціханоўскага як несанкцыянаваныя мерапрыемствы і пераследуюць іх удзельнікаў. Суд над Лупачом прызначаны на 11 мая.

У Магілёве быў затрыманы журналіст Аляксандр Буракоў, які супрацоўнічае з Deutsche welle, а таксама з`яўляецца праваабаронцам закрытага ўладамі цэнтра „Вясна”. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, яго абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі ў падтрымку Ціханоўскага 5 мая ў Магілёве.

Увечары 7 мая падчас акцыі канала „Краіна для жыцця” ў Магілёве затрымалі аператара-фрылансара Міхаіла Аршынскага.

belapan.by

* * * 

У Беларусі працягваюцца затрыманні. Раніцай 9 траўня затрымалі аператара «Белсата» Аляксандра Баразенку. Пра гэта ён сам паведаміў рэдакцыі свайго тэлеканала а 8:49. Зараз Баразенка знаходзіцца ў Пухавіцкім РАУСе ў Марʼінай Горцы. Ягоны тэлефон недасяжны. Дзяжурны Пухавіцкага РАУСа сказаў, што ім даставілі нейкага чалавека, але пакуль ідзе разбіральніцтва і ён яшчэ не ведае прозвішчаў людзей. Прапанаваў патэлефанаваць праз гадзіну.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота novychas.by