Затрыманы бізнесмен Юрый Чыж
Паводле афіцыйна не пацверджанай інфармацыі, затрыманы бізнесмен, уладальнік групы кампаній „Трайпл”, старшыня назіральнага савета футбольнага клуба „Дынама” (Менск) Юрый Чыж, якога лічаць набліжаным да Аляксандра Лукашэнкі.
Юрый Чыж (Фота: sputnik.by)
Пра затрыманне Чыжа і выемку дакументаў з ягонага офісу стала вядома 11 сакавіка пасля 18-й гадзіны. Афіцыйна пацвердзіць гэта не ўдалося. У КДБ заявілі, што не каментуюць гэтую інфармацыю, з астатнімі спецслужбамі звязацца па тэлефоне пакуль не атрымалася. Між тым каля офіса групы кампаній Чыжа „Трайпл” на праспекце Пераможцаў у Менску, па стане на 20.20, стаяць мікрааўтобусы, каля якіх знаходзяцца людзі ў чорным. У офісе гарыць святло. Мабільны тэлефон Чыжа ўключаны, аднак на тэлефанаванні ён не адказвае. У мінулыя гады ўжо з`яўлялася інфармацыя аб затрыманні бізнесмена, але яна не атрымлівала пацвярджэння. 19 жніўня 2015 года стала вядома пра затрыманне саўладальніка „Трайпла” Уладзіміра Япрынцава. Афіцыйна гэта было пацверджана толькі 18 снежня.