Затрыманы блогер Андрэй Павук (абноўлена)



Кастрычніцкі раённы аддзел Следчага камітэта пачаў крымінальную справу па ч. 1 арт. 340 за непраўдзівае паведамленне пра мініраванне будынка Кастрычніцкага райвыканкама, паведаміла на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку” афіцыйны прадстаўнік УСК па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава.

„Паведамленне аб закладзенай выбуховай прыладзе паступіла сёння раніцай на электронную пошту Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС Рэспублікі Беларусь. На месцы здарэння працуе сапёрна-піратэхнічная група. Работнікі і наведвальнікі райвыканкама эвакуіраваныя”, — напісала яна.

 

* * * 

Раніцай 20 сакавіка быў затрыманы блогер з гарадскога пасёлка Акцябрскі (Гомельская вобласць) Андрэй Павук, стваральнік папулярнай у сацсетках супольнасці „Рудабельская паказуха”. Пра гэта БелаПАН паведаміла яго жонка Вольга.

„Андрэя затрымалі каля 40 хвілін таму (прыблізна ў 10.30—10.40. — БелаПАН.) з фармулёўкай, што нібыта з нашага камп’ютара было адпраўленае паведамленне пра мініраванне райвыканкама. Затрымаў Следчы камітэт”, — распавяла яна.

Паводле слоў Вольгі Павук, у момант затрымання мужа яна была на працы. „Дзе цяпер Андрэй, я не ведаю, сувязі з ім няма. Цяпер рыхтуецца санкцыя пракурора на вобшук у доме. Але гэта ўсё бязглуздзіца. Лічу, што зроблена толькі дзеля таго, каб канфіскаваць яго тэхніку”, — дадала яна.

БелаПАН

Фота з сацсетак