Затрыманы былы гендырэктар будаўнічай кампаніі „Тамбаз”



Затрыманы былы генеральны дырэктар сумеснага таварыства з абмежаванай адказнасцю „Тамбаз”. У дачыненні да яго распачатая крымінальная справа, паведамляе прэс-служба Камітэта дзяржкантролю Беларусі (КДК).

Падставай для распачынання крымінальнай справы з’явілася праверка, праведзеная работнікамі Камітэта дзяржаўнага кантролю і фінансавай міліцыі з выкарыстаннем інфармацыйна-аналітычных звестак дэпартамента фінансавага маніторынгу„, — гаворыцца ў паведамленні.

Устаноўлена, што былы кіраўнік „Тамбаза” Леў Хаюцін выдаткаваў сродкі, прызначаныя для фінансавання будаўніцтва двух жылых дамоў у межах вуліц Багдановіча — Амурскай — Тургенева — Тыражнай і Багдановіча — Корш-Сабліна — Тургенева — зав. Верхні, на выкананне абавязацельстваў кампаніі па будаўніцтве іншага жылога дома і на аплату будматэрыялаў, а таксама будаўніча-мантажных работ на іншых аб’ектах будаўніцтва. Сродкі былі прыцягнутыя пры дапамозе выпуску і рэалізацыі жыллёвых аблігацый.

У выніку „Тамбаз” не змог выканаць абавязацельстваў па будаўніцтве прафінансаваных аб’ектаў, што пацягнула прычыненне шкоды пакупнікам жыллёвых аблігацый на 21,5 млн рублёў, а таксама „істотнай шкоды дзяржаўным інтарэсам у сацыяльнай сферы”, адзначае КДК.

Паведамляецца, што новае кіраўніцтва кампаніі адшуквае сродкі на дабудаванне названых жылых дамоў без прыцягнення дадатковага фінансавання з боку трымальнікаў жыллёвых аблігацый, якія цалкам выканалі свае абавязацельствы.

Сумеснае ТАА „Тамбаз” створанае ў 1992 годзе. Як паведамляе сайт кампаніі, адным з асноўных відаў дзейнасці з’яўляецца будаўніцтва і рамонт будынкаў і збудаванняў рознага прызначэння з поўным комплексам работ, уключаючы вонкавыя інжынерныя сеткі і добраўпарадкаванне. Сярод найбольш значных аб’ектаў кампаніі — будынак рэстарана „Макдональдс” з офіснымі памяшканнямі па вул. Няміга ў Мінску; выраб і мантаж металаканструкцый будынка „Тэхнабанка” па вул. Заслаўскай у сталіцы, узвядзенне другой чаргі завода па вытворчасці медыцынскай тэхнікі ЗП „Маерск Медыкал” у Фаніпалі і шэраг іншых аб’ектаў.

З 2005 года „Тамбаз” вядзе праектаванне і будаўніцтва адзінага комплексу жылых дамоў з убудаванымі і прыбудаванымі адміністрацыйнымі і гандлёвымі памяшканнямі і падземнымі гаражамі ў межах вул. Багдановіча — зав. Верхні — вул. Тургенева — вул. Ізмайлаўская ў Мінску. Гэты комплекс з’яўляецца працягам ужо узведзенага кампаніяй комплексу з трох шматпавярховых жылых дамоў з убудаванымі адміністрацыйнымі і гандлёвымі памяшканнямі і шматузроўневым падземным гаражом. Аб’екты забудовы дзеляцца на чатыры чаргі будаўніцтва і звязаныя паміж сабой адзінай архітэктурнай канцэпцыяй. Усе апошнія гады „Тамбаз” з’яўляецца заказчыкам будынкаў, якія ён узводзіць, паведамляе сайт кампаніі.  БелаПАН