Затрыманы дырэктар холдынга „Лідсельмаш”
Паводле падазрэння ў карупцыі затрыманы дырэктар холдынга „Лідсельмаш” Юрый Вашкевіч.
Юрый Вашкевіч (злева) і былы прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў. Фота: lidanews.by
„Следчым камітэтам расследуецца крымінальная справа ў дачыненні да генеральнага дырэктара ААТ „Кіруючая кампанія холдынга „Лідсельмаш”. Дзеянні абвінавачанага кваліфікаваныя следчымі паводле ч. 4 арт. 210 (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі) КК. Да яго ўжытая мера стрымання ў выглядзе знаходжання пад вартай”, — паведаміла ў „Фэйсбуку” афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Юлія Ганчарова.
Вашкевіч узначальваў прадпрыемства з 2013 года. „Лідсельмаш” заснаваны ў 1901 годзе як чыгуналіцейны завод, дзе была наладжаная вытворчасць сельскагаспадарчага інвентару і простых сельгасмашын для коннай цягі. У перыяд СССР выпускаў сельгасмашыны, у 1994 годзе завод быў пераўтвораны ў ААТ. Выпускае плугі, бульбасаджалкі і капальнікі, бароны, сеялкі, касілкі, камунальную і лесагаспадарчую тэхніку.